Менск Максіма Багдановіча
Менск – родны горад Максіма Багдановіча. Тут паэт нарадзіўся і правёў першы год жыцця і палову апошняга году свайго жыцця. Першы год – 1891-1892 да пераезду сям’і ў Гародню. І палову апошняга году жыцця – кастрычнік 1916 – люты 1917. З Менску Максім Багдановіч паехаў у Ялту, дзе памёр ад сухотаў.
Максім Багдановіч нарадзіўся ў Менску ў сям’і настаўніка і этнографа Адама Багдановіча і Марыі Мякоты ў доме на Траецкай гары па Аляксандраўскай вуліцы (цяпер вул. Максіма Багдановіча) у доме Каракозава, дзе месцілася тады 1-я прыходская вучэльня і настаўніцкая кватэра Адама Багдановіча. Дом стаяў у двары дома па вуліцы М. Багдановіча, насупраць опернага тэатру.
На фота: Макет дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч у двары “дома Чыжа”. У перыяд з 1991 па 1994 гады былі планы родны дом паэта аднавіць цалкам, была гатовая дакументацыя. А ў самім доме планавалася зрабіць мемарыяльную частку і праводзіць Літаратурныя школы для моладзі.
На фота: Макет дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч.
У кастрычніку 1916 году пасля заканчэння Яраслаўскага Дзямідаўскага ліцэя Максім Багдановіч прыязджае ў Менск, уладкоўваецца на працу сакратара ў Менскі аддзелу «Беларускага Таварыства помачы ахвярам вайны». Гэтай працы прысвечаны Агляд працы за першы год Менскага аддзела Таварыства для помачы пацярпеўшым ад вайны» (упершыню надрукавана ў газеце «Дзянніца», 1916, № 4, 27 лістапада) – апошні прыжыццёвы артыкул Максіма Багдановіча ў беларускім друку. Дзейнасці Менскага аддзелу «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны», таксама прысвечаны артыкул Максіма Багдановіча на рускай мове «Деятельность Минского Белорусского комнтета», упершыню надрукаванага ў часопісе. «Украннская жнзнь» (1917, № 1-2).
У час апошняга прыезду ў Менск (кастрычнік1916 – люты 1917) Максім Багдановіч жыве разам са Змітраком Бядулям па Малагеоргіеўскай вул. д.12 (цяпер зувулак Рабкораўскі 19). Менавіта тут напісаны вершы “Страцім-лебедзь” і “Пагоня”, надрукаваныя ў газеце “Вольная Беларусь”, 1917, №32, 30 лістапада. “Нягледзячы на хваробу ён (Багдановіч) і далей працаваў не толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпературы ў 38-39. У такім стане, паводле сведчання Аркадзя Смоліча, быў ім напісаны ў час службы верш “Пагоня”. Расказваючы пра гэта за абедам Аркадзю Смолічу, паэт дадаў “У гарачцы пішацца лёгка” (Творы М.Багдановіча. 1928.Т.2. С.LIIІ)
На фота: Дом на завулку Рабкораўскім 19. Менавіта тут напісаны вершы “Страцім-лебедзь” і “Пагоня”. Філія музея Максіма Багдановіча на Рабкораўскім, сем гадоў не працуе.
На фота: Філія музея Максіма Багдановіча на Рабкораўскім, сем гадоў не працуе. Гэта адзіны дом, які захаваўся у Менску, дзе жыў Максім Багдановіч апошнія 5 месяцаў перад ад’ездам у Ялту.
З успамінаў Змітрака Бядулі: “У вольны ад службы час ён сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. Галоўным чынам ён студыяваў тэхніку вершаў”.
На фота: Вуліца Інтэрнацыянальная (Былая Праабражэнская) па ёй Максім Багдановіч хадзіў у бібліятэку імя Пушкіна працаваць над Беларускай чытанкай.
На фота: Былая Менская гарадская публічная бібліятэка імя Пушкіна, дзе Максім Багдановіч працаваў над Беларускай чытанкай для дзяцей.
На фота: Былая Менская гарадская публічная бібліятэка імя Пушкіна, дзе Максім Багдановіч працаваў над Беларускай чытанкай для дзяцей.
У 1916-1917 гг. Максім Багдановіч разам з Людвікай Сівіцкай (Зоськай Верас) і Аркадзем Смолічам працуе над чытанкай (хрэстаматыяй) для беларускай школы.
Паводле ўспамінаў Зоські Верас “Максім Багдановіч меў заняцца паэзіяй: падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літаратуры, рабіць пераклады і, разумеецца, пісаць самому”. Праца гэтая не была скончаная.
Менскі аддзел «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны» у снежні 1916 года хадайнічаў перад менскім губернатарам аб правядзенні лекцыі Максіма Багдановіча „Беларускае адраджэнне”, але хадайніцтва было адхілена.
Зоська Верас згадвае: “Прыйшла зіма. Снег, марозы. Kaлi пасля марозу прыходзіла; адліга, чырвоныя цэглы новага касцёла пакрываліся срабрыстай шэранню, i гэта было цудоўна, як у казцы. На работу пасля снедання мы з Багдановічам выходзілі разам i адразу пераходзілі на другі бок вуліцы, каб icцi каля касцёла (ён знаходзіўся амаль супраць «Беларускай хаткі», крыху наўскос) i нацешыцца яго выглядам. Багдановіча няможна было адарваць, да таго быў захоплены. А стаяць на холадзе i вільгаці для яго было забойствам. Сказаць, што гэта для яго шкодна, нельга, вось i прыходзілася нешта прыдумваць або спяшацца на работу, або, што мне зімна”.
На фота: Касцёл Сымона і Алены, якім любаваліся Максім Багдановіч і Зоська Верас па дарозе з клуба беларускай інтэлігенцыі.
На фота: Плошча Незалежнасці. У 1916-1917 недзе тут “наўскос” касцёла быў клуб беларускай інтэлігенцыі “Беларуская хатка”.
1917 год Максім Багдановіч сустракае ў Менску – у клубе беларускай інтэлігенцыі “Беларуская хатка” (на вул. Захар’еўскай – будынак не захаваўся).
На фота: Будынкі пачатку 20-га стагоддзя на Плошчы Незалежнасці. Захаваліся з таго часу, як тут хадзілі Максім Багдановіч, Зоська Верас ды іх сябры – беларускія адраджэнцы.
Зоська Верас узгадвала: “Далей усё ішло па-ранейшаму, толькі, на жаль, Багдановіч чуўся слабейшым. Калі ў сталоўцы ўсё заціхла, усе разыходзіліся, ён аставаўся i дапозна сядзеў у бюро Камітэта. Гэта быў невялікі пакой з балконам. Знаходзіўся ён паміж сталовым пакоем, дзе мы з мамай жылі. Там стаяў стол i глыбокі, мяккі фатэль. У гэтым фатэлі сядзеў Максім доўгія гадзіны − пацёмку. Я не раз прапанавала запаліць лямпу, але не хацеў. «Мне так тут добра», – казаў. Прачуваўся ўжо блізкі канец вайны i змены, якія могуць наступіць у жыцці народаў. Мы часта гаварылі аб тым, што, можа, хутка дачакаемся cвaix беларускіх школ, а падручнікаў да навукі няма. Лемантары сякія-такія былі, а вось чытанкі пасля лемантара няма”.
У канцы лютага 1917 года Максім Багдановіч ад’язджае ў Крым.
Зоська Верас згадвае: “Пастанавілі на супольных нарадах, што (Багдановіч) паедзе ў Ялту. Здабылі грошы, прыгатавалі, што трэба на дарогу і ў канцы лютага наступілі ад’едзіны. Мы ўсе хацелі ехаць правясці на вакзал, але Максім запратэставаў: “Пажагнаемся тут у Бел. Хатцы. Мне будзе цяжэй раставацца з Вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей. Жагналі мы яго са слязьмі на вачох, як бы прадчувалі, што жагнаем назаўсёды”.
У 1991 годдзе ў Менску з’явілася вуліца Максіма Багдановіча – вуліца Максіма Горкага была пераіменаваная ў гонар Максіма Багдановіча. Да гэтага мела назву: Максіма Горкага (з 1963), Камунальная, Аляксандраўская, Траецкая, Віленская, Вялікая Барысаўская. Спрыяў пераіменаваннюю вуліцы тагачасны дырэктар Музея Максіма Багадновіча ў Менску Алесь Бяляцкі, які з’яўляўся дэпутатам гарсавету. Рашэнне пра перайменаванне было падрыхтавана Менгарсаветам да святочнай вечарыны, якая адбывалася ў Тэатры оперы і балету з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння паэта.
На фота: Мемарыяльная шыльда на доме, які знаходзіцца на вуліцы імя Максіма Багдановіча. 9 снежня 1981 году у гонар 90-годдзя са дня нараджэньня Максіма Багдановіча на плошчы Парыжскай камуны, непадалёк ад месца, дзе нарадзіўся паэт, быў усталяваны помнік. Аўтары помніка скульптар С. Вакар, архітэктары Ю. Казакоў і Л. Маскалевіч. Бронзавая статуя паэта вышынёй 4,6 метра. У красавіку 2008 году, у адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкаму, помнік быў адпраўлены на рэстаўрацыю.
На фота: месца, дзе да 2008 года стаяў помнік Максіму Багдановічу.
У чэрвені 2008 помнік быў усталяваны наноў на рагу вуліцы Максіма Багдановіча і плошчы Парыжскай камуны. Адносна былога месцазнаходжаньня помнік перанеслі на 150 метраў, бліжэй да месца нараджэння паэта.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя
Лтаратура:
Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Мінск, 1992-1995.
Творы М.Багдановіча. 1928.Т.2. С.LIIІ)
Бядуля Зм. Мае ўспаміны. Шлях паэта. Зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра Максіма Багдановіча. Складальнік Н.Б.Ватацы. Мн., 1975. С.62
Верас З. Пяць песяцаў у Менску. З жыцця Максіма Багдановіча. Фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску.