Месца, дзе „Груша цвіла апошні год”
Вёска Азярышча пад Рагачовам, высокі бераг Дняпра – тое самае месца, з апісання якога пачынаецца раман Уладзіміра Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім”.




Азярышча пад Рагачовам. „Груша цвіла апошні год. Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасцірала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. І была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца. І, аднак, надыходзіла яе апошняя часіна. Дняпро падбіраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнік. У вечным сваім імкненні скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусім блізка да яго, руйнаваў адхоны, зносіў, каб пасадзіць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкі берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлі. Потым адступаў, да наступнай вясны, і трава літасціва спяшалася залячыць раны, нанесеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў і з часам абкружыў грушу амаль з усіх бакоў. …За грушай канчаўся Кагутоў надзел. Год сорак таму назад стаяла яшчэ за дрэвам чорная лазня. Але ў адну з начэй, зусім знянацку, Дняпро ўхапіў яе — нават бервяна не паспелі вылавіць. Так, пэўна, і сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе напаўгалодныя мяшчане і трэскі не прапускалі”.
Беларускае Радыё Рацыя
