Міхайлаўскі Златаверхі манастыр у Кіеве



Міхайлаўскі Златаверхі манастыр, што месціцца ў дзесяці хвілінах хады ад Храшчаціка, нагадвае вялікоднае яйка-пісанку, якое толькі што выйшла з-пад пэндзля мастачкі. Што, зрэшты, нядзіўна – у сваім цяперашнім выглядзе Міхайлаўскі манастыр паўстаў у 1998 годзе.

mixhajlauskaja_01

Гістарычны Міхайлаўскі манастыр, збудаваны яшчэ ў 1108 годзе ў гонар перамогі кіяўлянаў над полаўцамі, колькі разоў перабудоўваўся, пакуль не быў варварскі знішчаны Саветамі ў 1935 годзе. На месцы святыні планавалі збудаваць два жалезабетонныя кубы адміністрацыйных будынкаў, а між імі ўзвесці статую Леніна стомятровай вышыні. Перад цыклапічнай статуяй меркавалася стварыць плошчу для вайсковых парадаў.

Але ж сродкаў на гэта бракавала, і на месцы разбуранай царквы проста разбілі клумбу.

Ідэя адраджэння святыні лунала даўно, бо без Міхайлаўскага Златаверхага манастыра і Кіеў не Кіеў, і Украіна не Украіна. Але ж ніякіх планаў знесенага манастыра не засталося. У выніку аднаўленне рабілася па старых фотаздымках, якіх, на шчасце, багата захавалася і ў архівах, і ў сем’ях кіяўлянаў. Фотаздымкі змясцілі ў адмысловую базу дадзеных, і пасля іх апрацоўкі зрабілі колькі кампутарных версій Міхайлаўкі, паводле якіх і распраыавалі план будаўніцтва.

Калі шпацыруеш каля Міхайлаўскага манастыра, міжволі прыгадваюцца сотні зруйнаваных касцёлаў, цэркваў, палацаў і замкаў у Беларусі, якія яшчэ чакаюць свайго аднаўлення.

mixhajlauskaja_02

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара