Міланскі эдыкт і помнік у Мастах
Што звязвае касцёл ў Правых Мастах з Міланскім эдыктам за выключэннем, вядома, што мы, хрысціяне? Міланскі эдыкт, назва абвяшчэння, якое забяспечвае свабоду веравызнання, між іншым, хрысціянам з ініцыятывы імператараў Канстанціна Вялікага і Ліцынія у 313 годзе ў Мілане. Эдыкт гарантаваў хрысціянам поўную свабоду веравызнання (сканчэнне пераследу), дазваляў пераход у хрысціянства ранейшых паслядоўнікаў рымскай рэлігіі і вяртаў Касцёлу ўсе канфіскаваныя храмы і маёмасць. У тым жа годзе эдыкт быў уведзены таксама на Ўсходзе.
Міланскі эдыкт называюць яшчэ Міланскім прарывам. Прарыўнасць Міланскага эдыкта не выклікае сумнення, – з моманту, калі публічна прагучалі словы: “мы вырашылі (…) хрысціянам і ўсім даць поўную свабоду вызнаваць рэлігію, якую хто пажадае, і нікому нельга забараніць свабоду рашэння, калі думку сваю схіліць да рэлігіі хрысціянскай або іншай рэлігіі, якую сам за найбольш прыдатную для сябе вырашыць”, нічога ўжо не магло застацца так, як раней. Канчаткова скончыўся паганскі свет – уладыка, імператар свету, адкрыў яго дзверы для Духа Святога. У выніку ахвяравання хрысціянам поўнай свабоды веравызнання і дзейнасці, Хрыстовае Евангелле магло канчаткова змяніць свет, несучы яму цывілізацыю любові, праўды, дабра, прыгажосці і справядлівасці. Усе без выключэння паслядоўнікі Хрыста павінны ва ўдзячнай памяці захоўваць 313 год і Канстанціна Вялікага – чалавека, які даверыў іх Богу, хоць сам у Яго не верыў, але паслухаўся голасу Касцёла, нягледзячы на тое, што не быў яго сябрам. Падобны ўчынак ўдзячнай памяці зрабіў у 1913 годзе ксёндз Язэп Уладзіслаў Сарасек. У Правых Мастах, каля новай царквы стаіць абеліск, узведзены ў 1913 годзе з нагоды 1600-ой гадавіны Міланскага эдыкта. На абеліску на польскай мове напісана:
W tym znaku
Zwyciężysz
+
313 – 1913
1600 letnia
JUBIELEUSZOWA
pamiątka edyktu
Mediolańskiego
—
Pos. paraf. Mostowcy
Ksiądz J.-W. SAROSIEK
(У гэтым знаку пераможаш; 313-1913; 1600 гадовы юбілейны памятны знак Міланскаму эдыкту; пастамент парафіі Мастоўскай; ксёндз Язэп Уладыслаў Сарасек.) Пачаткова гэты знак быў пастаўлены каля старога касцёла. Прастаяў ўсе войны і ўлады. І, нават, пасля разбурэння касцёла, калі на яго месцы пабудавалі магазін, помнік, аднак, стаяў толькі ўжо побач з амбулаторыяй. Помнік пашкоджаны дрэвам, якое ўпала на яго ў час навальніцы. Калі быў пабудаваны новы касцёл, помнік быў перанесены на яго тэрыторыю, і сціпла ўсталяваны ў куце каля агароджы. У савецкі час помнік захаваўся, відаць таму, што ніхто не ведаў, хто і з якой нагоды яго паставіў. Варты ўвагі з прычын вялікага фундаментальнага значэння Міланскага эдыкту, і што існуе больш за 100 гадоў і ёсць адзіным у Беларусі, а, мажліва, і ва ўсім свеце.
Лявон Карповіч, Беларускае Радыё Рацыя