Мінспорту абяцае вывезці з Егіпта каля 5 000 беларускіх турыстаў
Егіпет да 31 сакавіка закрывае авіязносіны ва ўсіх аэрапортах краіны. У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі «Белсату» распавялі, што турысты, якія цяпер адпачываюць у гэтай краіне, не застануцца заблакаванымі.
Урад Егіпта з 19 сакавіка спыняе авіязносіны і забараняе ўезд замежнікаў. Але беларускія турысты, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Егіпта, змогуць працягваць свой адпачынак, распавёў Віталь Грыцэвіч, намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Мінспорту.
«Улады Егіпта заявілі, што авіязносіны застаюцца адкрытымі для чартараў. Адзіная ўмова – самалёты, якія будуць прылятаць, павінны быць пустымі. Арганізоўваем чартары. Шматлікія турысты могуць нават не скарачаць свае адпачынкі. Па падліках, у Егіпце каля 5 тысяч грамадзян Беларусі. Асноўны аператар, які працуе на гэтым напрамку – «Teztour» – амаль 3800 турыстаў», – распавёў Віталь Грыцэвіч.
Па чартарнай праграме вывозіць беларускіх турыстаў з Егіпта будуць з 17 да 27 сакавіка. Акрамя Егіпта, шматлікія турысты з Беларусі адпачываюць і ў іншых краінах. Напрыклад, у Арабскіх Эміратах. У Мінспорту адзначаюць, што ведамства імкнецца аператыўна рэагаваць на новыя паведамленні.
Беларускае Радыё Рацыя