Мінтранс: Паведамленне ад Wizz Air пра пачатак палётаў у Беларусь не паступала
Венгерская лаўкост-авіякампанія Wizz Air пакуль не накіроўвала ў беларускі дэпартамент па авіяцыі афіцыйнае паведамленне аб пачатку палётаў з Менска, паведаміў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка ў інтэрв’ю газеце „Рэспубліка”.
„Дэпартамент па авіяцыі падпісаў з Wizz Air адпаведнае пагадненне. Партнёрам накiраванае паведамленне аб тым, што беларускі аэрапорт гатовы прымаць іх з летняга раскладу 2020 года. Канчатковае рашэнне за авіякампаніяй, але пакуль ніякага афіцыйнага адказу нам не паступіла. Што да іншых лаўкост-кампаній, то мы ўжо не раз адзначалі, што вызначылі для выканання палётаў гэтых кампаній аэрапорт Гародні. Зараз ідзе перамоўны працэс”, — адзначыў кіраўнік Мінтранса.
„Што да рэгіянальных аэрапортаў, то ўсе яны летась спрацавалі нядрэнна, асабліва па чартарнай праграме. Яны нарасцілі пасажырапаток у два разы, а некаторыя і больш. Зразумела, што там была нізкая база, але станоўчая дынаміка натхняе. Мы ў гэтым жа духу і працягнем”, — дапоўніў Аўраменка.
Пры гэтым кіраўнік Мінтранса прызнаўся, што перспектыў для арганізацыі ўнутраных авіярэйсаў пакуль не бачыць. „Мы сёння скарачаем час руху цягнікоў паміж буйнымі гарадамі, з Гомеля ў Менск можна прыехаць ужо за тры гадзіны. У аэрапорт жа трэба прыязджаць за дзве гадзіны да вылету, потым яшчэ час палёту, дарога з аэрапорта. Атрымліваецца супастаўны час, а кошт квітка можа быць большы. Хоць калі браць далёкія пункты, да прыкладу Віцебск — Берасце, то ў гэтым ёсць мэтазгоднасць. Але трэба дакладна пралічваць, хто будзе лятаць гэтым рэйсам, ці будзе там пастаянны пасажырапаток, які тып паветраных суднаў можна выкарыстоўваць”, — растлумачыў міністр.
Летам 2019 года Венгерская авіяцыйная адміністрацыя накіравала на адрас беларускага дэпартамента па авіяцыі праект мемарандума аб узаемаразуменні па прызначэнні з сезона вясна—лета 2020 года на лінію Будапешт — Менск перавозчыка Wizz Air. Гэта бюджэтная авіякампанія, якая працуе галоўным чынам на рынку Цэнтральнай Еўропы і прапануе пасажырам рэйсы па больш як 600 маршрутах з 25 базавых аэрапортаў рэгіёна.