Мірны Міронім з Ваўчынай Лапай



Вёска Міронім знаходзіцца на мяжы двух раёнаў – Слонімскага і Івацэвіцкага.

І, як кажуць вяскоўцы, усё тут ёсць для вольнага шчаслівага жыцця: і ўрадлівыя палі, і багатыя агароды, і светлыя бары, і густыя лугі ў пойме ракі Шчары. Недалёка ад вёскі з-пад зямлі струменяць некалькі крыніц, якія зліваюцца ў адзін вялікі ручай. Гэты ручай жыхары вёскі некалі назвалі Ваўчынай Лапай. Вось і коціцца праз Міронім гэтая Ваўчыная Лапа да самай Шчары.

Упершыню вёска Міронім (Міромін) прыгадваецца ў 1555 годзе. У гэты дзень у Слонімскім земскім судзе разглядаліся дзве справы, якія датычылі маёнтка Міронім. З таго часу прайшло 465 гадоў.

У другой палове XIX стагоддзя ў Міроніме была пабудавана царква. Яна захавалася да сённяшніх дзён. І з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. У 1888 годзе святаром у гэтай царкве быў нехта Міхаіл Кульчыцкі, а потым – Антон Дзікоўскі…

Колькасць жыхароў Міроніма з кожным дзесяцігоддзем становіцца менш і менш. У 1958 годзе там пражывалі 672 жыхары, у 1979 годзе – 597, у 1997 годзе – 296, у 2008 – 191, а цяпер і сотні няма. Людзі пагутарыць ці абмеркаваць апошнія навіны збіраюцца альбо ў царкве, якая дзейнічае, альбо ў ФАПе. Зімой некаторыя вяскоўцы з’язджаюць у Слонім і Івацэвічы, а летам зноў збіраюцца ў Міроніме, каб пасадзіць агародніну.

Вёска Міронім раскідана ўздоўж і ўпоперак. Мясцовасць узгорыстая. Найвышэй за ўсе пабудовы знаходзіцца царква. Ад яе ўлева і ўправа ідуць вуліцы. На адной з іх вялікі ўчастак абгароджаны высокім няроўным плотам, дзе нехта з вяскоўцаў утрымлівае свіней. Вялікія вепрукі вольна бегаюць па тэрыторыі.

Жыхары вёскі і дачнікі з самай раніцы дбайна працуюць на сваіх агародах. У многіх ужо пасаджана бульба, наведзены парадах на панадворках, вывезена смецце. Неперспектыўны Міронім жыве такім жыццём, як і ўсе сёння беларускія вёскі. Ды і слова Міронім адзначае мір, мірная суполка, вясковае згуртаванне. Галоўнае, каб ціха і мірна было, як кажуць беларусы. Ды і ў такім мірным Міроніме можна надзейна схавацца ад каронавіруса.

 

 

 

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Івацэвіцкі раён

Фота аўтара