Міжнародныя авіярэйсы пачалі абмінаць Беларусь



Урад Польшчы хоча забараніць нацыянальнай авіякампаніі LOT Polish Airlines уваход у паветраную прастору Беларусі.

Пра гэта 24 траўня паведаміў польскі радыёканал RMF FM. Рашэнне ў гэтым пытанні магчымае сёння або заўтра.

Як адзначае радыёканал, цяпер толькі два маршруты LOT закранаюць беларускую прастору, таму маштаб зменаў будзе невялікі: яны будуць датычыць рэйсаў у Менск і Маскву. На практыцы рашэнне аб забароне ўваходу машын LOT у беларускую прастору азначае, што рэйсы з Польшчы ў Менск будуць адмененыя, а рэйсы ў Маскву будуць ісці іншым, больш доўгім маршрутам.

***

Міжнародныя авіякампаніі вырашылі пазбягаць паветраную прастору Беларусі не чакаючы афіцыйных забаронаў. Ужо як мінімум два рэйсы авіякампаніі AirBaltic аблятаюць Беларусь, каб не трапіць у яе паветраную прастору. Гэта рэйс Рыга — Адэса і Рыга — Тбілісі.

У свеце выклікала вялікі розгалас прымусовая пасадка пасажырскага самалёта Ryanair у менскім аэрапорце пад канвоем ваеннага знішчальніка і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча. Кіраўнікі многіх краінаў выказаліся за тое, каб закрыць паветраную прастору Беларусі для міжнародных авіярэйсаў.

Латвійская авіякампанія AirBaltic афіцыйна прыняла вырашэнне не выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі праз захоп самалёта кампаніі Ryanair, што рухаўся па маршруце Афіны — Вільня.

«Нашая нацыянальная авіякампанія AirBaltic бесперарыўна сочыць за сітуацыяй з бяспекай у паветранай прасторы розных краінаў. І ўжо прыняла вырашэнне пакуль не выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі ў сваіх палётах. Са сваімі рэкамендацыямі выступіць і Латвійская агенцыя грамадзянскай авіяцыі», — заявіў міністр транспарта Латвіі Таліс Лінкайтс.

novychas.by