Монцішкі – вёска на беразе мора…



На беразе мора Балтыйскага ёсць месца, якое цяжка ідэнтыфікаваць адразу, – вёска гэта або гарадок? Ужо не Паланга – яшчэ не Швянтойі. Монцішкі. Монцішкес.

Такое сабе “экапаселішча” для вазочнікаў і іх сямей. Маленькія хаткі сярод соснаў і вялікі агульны дом з сонечнымі батарэямі на даху. На самым беразе салёнага і халоднага мора – самага блізкага мора для беларусаў!

Літоўская асацыяцыя параплегікаў (LPA) была створаная ў 1995 годзе. Так атрымалася, што сябра прэзідэнта Літвы Альгірдаса Бразаўскаса – паспяховы і актыўны чалавек – зламаў пазваночнік і трапіў у інвалідны вазок. Чалавекам гэтым быў Станіславас Куткявічус. Менавіта ён у пачатку 1990-х зразумеў, што замест запланаванай прэстыжнай стажыроўкі ў Германіі яму прыйдзецца вучыцца жыць нанава ў сябе дома, у Літве… І гэта было няпроста. 

Станіславас Куткявічус “выбіў” у дзяржавы кавалак зямлі на самым беразе Балтыкі і заснаваў там летнік для вазочнікаў. Спачатку людзі з сем’ямі жылі ў турыстычных намётах, потым пабудавалі вялікі дом, пазней збудавалі цэлую вёсачку-кемпінг з летніх дамкоў. Тут маюцца ўсе неабходныя для жыцця выгоды… Жыццё ў Монцішках віруе ад красавіка да канца кастрычніка. Усё рабілася разам, грамадой – літоўцы ўмеюць гуртавацца і падтрымліваць сваіх. Гэтаму варта павучыцца.

Старажыл летніка і чалавек, што стаяў ля вытокаў асацыяцыі, – Гражына Лекавічэне – распавядае, што на кавалку зямлі побач з морам спачатку нічога не было – толькі горы смецця. Прыехалі са сваімі малымі намётамі. Было цяжка, затое весела! На другі год вайскоўцы дапамаглі вазочнікам і прадставілі вялікія намёты. Гражына распавядае таксама пра падпольныя сустрэчы інвалідаў у Літве ў часы СССР, пра стварэнне таварыства інвалідаў… Цяпер яна нефармальны “міністр культуры” ў Монцішках, па яе ініцыятыве сюды прыязджаюць многія цікавыя артысты.

Кіраўнік летніка Раса Астраўскене распавядае, што фішкай летніка ў 2019 годзе своеасаблівая школа ёгі, а таксама новая дарожка да мора праз дзюны ў некалькі ярусаў.

Реда Почутэ – адна з майстрых, што ствараюць розныя прыгажосткі ў студыі ў Монцішках…

У гэтым паселішчы сярод сосен кожнаму знаходзіцца занятак па душы, а каму сумна – можна рвануць у Палангу ці Швянтойі патусавацца больш шумна і актыўна – зручная веладарожка побач!

У любога падарожніка ёсць месцы, куды хочацца вярнуцца. Монцішкес – адно з такіх! Хочацца верыць, што і беларусы калісьці створаць падобны летнік-кемпінг… на Нарачы. Было б здорава зладзіць сумесны праект з літоўцамі і ездзіць адзін да аднаго ў госці.

Ačiū за салідарнасць, сябры!

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя