Мора. Ветразі. Зурбаган



Калі вам да смерці надакучылі бетонныя скрыні спальных мікрараёнаў, тлум цэнтральных праспектаў і гарадскі смурод – трэба паехаць на мора, знайсці яхт-клуб і нетаропка прайсціся ўздоўж швертботаў, катамаранаў і лятучых галандцаў.

Прышвартаваныя яхты з дзясяткамі нацыянальных сцягоў міжволі правакуюць фантазію. Вось гэтая, пэўна, належыць адстаўному марэману Каралеўскага флота Яе Вялікасці, бо называецца “Trafalgar”, прытым пад назвай намаляваныя скрыжаваныя гарматкі. Уладальнік наступнай яхты, з абтрапаным грэчаскім сцягам і падраным ветразем, імаверна, нядаўна пацярпеў у шторм. А шыкоўны партугальскі катамаран “Time is money”, вядома ж, належыць дзелавому чалавеку – можа, бізнэсоўцу, а можа і кантрабандысту.

Марскія фантазіі, у сваю чаргу, правакуюць на літаратурныя асацыяцыі: марыністы і баталісты, Даніэль Дэфо і Джозэф Конрад, Саламонавы выспы і Зурбаган. Апошняе, як хто забыўся — уяўны партовы горад з твораў Аляксандра Грына. Сын дзіснянскага шляхціча Стэфана Грынявіцкага, сасланага ў цэнтральную Расею за ўдзел у паўстанні Каліноўскага, і прыдумаў той казачны Зурбаган з яго мужнымі матросамі, пунсовымі ветразямі і рамантычнай Асоллю як альтэрнатыву блякламу і панураму жыццю.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя