Мосар улетку падчас пандэміі



Мосар – касцельна-паркавы ансамбль на Глыбоччыне, які прыцягвае турыстаў у розную пару года. А найбольш іх там збіраецца ўлетку. Сюды прыязджаюць вернікі не толькі памаліцца ў мясцовым касцёле Святой Ганны, але і проста адпачыць духоўна і фізічна.

Шпацыруючы па тэрыторыі Мосара і назіраючы за гэтай прыгажосцю, пазбаўляешся ад стомы і зараджаешся пазітывам.

Сюды ездзяць людзі сем’ямі і паасобку, каб пабыць у цішы, палюбавацца прыродай, набраць крынічнай вады. Лічыцца, што яна дапамагае пры хваробах страўніка і нервовай сістэмы. Некаторыя едуць спецыяльна ў Мосар, каб наведаць Алею цвярозасці і скласці там свае інтэнцыі за сябе, родных і сяброў, якія пакутуюць на алкагольную залежнасць. Такія людзі моляцца не толькі ў касцёле і на алеі, але і пакідаюць невялікія каменьчыкі на вялікіх валунах Алеі цвярозасці як сімвал сваёй пакуты ў надзеі развітацца з залежнасцю.

Штогод у касцёле Святой Ганны адзначаюцца вялікія каталіцкія святы, якія збіраюць некалькі соцень вернікаў. Найбольш іх прыязджае на фэст Яна Хрысціцеля напрыканцы чэрвеня. Звычайна пасля яго ў гэты ж дзень глыбоцкія ўлады на тэрыторыі Мосара ладзяць свята Купалля. Але ў сувязі з пандэміяй сёлета яно не адзначалася.

Мосар – гэта сапраўдны куточак духоўнага супакою, філасофскіх разваг і прыроднай прыгажосці.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя