Mosta Dome — мальтыйскі Пантэон
Мальта — невялічкі востраў, плошча якога крыху меншая за тэрыторыю Менска ў межах кальцавой аўтадарогі. Але ж сярэднявечных помнікаў на тым востраве захавалася, напэўна, больш, чым ва ўсёй Беларусі. Прычына навідавоку: апошнія сур’ёзныя вайсковыя дзеі адбываліся на Мальце ажно ў 1560 годзе. Да таго ж, на шчасце мальтыйцаў, яны не зведалі ані калектывізацыі, ані атэістычнай кампаніі, ані масавага разбурэння гістарычных помнікаў.
Калі выехаць з Валеты на паўночны захад, праз паўгадзіны вы проста з шашы ўбачыце вялізны купал. І ўжо неўзабаве ваш аўтобус спыніцца ў невялічкім мястэчку Моста, акурат ля велічнага Сабора Небаўшэсця Божай маці, пазначанага ва ўсіх турыстычных даведніках як «Mosta Dome». Зрэшты, самі мальтыйцы называюць той сабор проста «Ратондай».
Ратонда будавалася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, і за ўзор відавочна быў узяты рымскі Пантэон. У свеце багата будынкаў, збудаваных па ўзоры знакамітага старарымскага храма: Парыжскі Пантэон, непалітанская базіліка Франчэска і нават амерыканскі Капітолій… Але ж мальтыйскі Пантэон — адзін з самых вялікіх па памерах. Купал яго лічыцца трэцім у Еўропе і дзявятым у свеце.
Падчас Другой Сусветнай вайны нацысты скінулі на Сабор Небаўшэсця Божай маці тры бомбы. Адна з іх прабіла купал і звалілася на падлогу падчас імшы, але не выбухнула. Дзве іншыя адрэкашэцілі ад купала проста на плошчу, і таксама не выбухнулі.
Мясцовыя святары палічылі гэта цудам.
Але не меншы цуд і тое, што Ратонда захавалася да нашага часу практычна без зменаў.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя