«Мотальская рэгата» стане брэндам Іванаўскага раёна



У Іванаўскім раёне, што на Берасцейшчыне, зараджаецца чарговы турыстычны брэнд рэгіёна. Тут праходзіць першы фэст воднага турызму “Мотальская рэгата”. Групы з Пінскага і Іванаўскага раёна, а таксама ўкраінскага горада Любашоў здзейсняюць сплаў на байдарках працягласцю амаль 50 кіламетраў. Старт дадзены на возеры Спораўскае і завершыцца на Ясельдзе, каля вядомага палескага мястэчка Моталь.

мотоль

Іванаўскі раён мае ў сваёй гісторыка-турыстычнай скарбонцы музейны комплекс Напалеона Орды, Музей народнай медыцыны, штогадовы фестываль “Мотальскія прысмакі”, праз раён праходзіць сусветная спадчына ЮНЭСКА “Дуга Струвэ”.

“Маленькія раёны перахопліваюць ініцыятыву”, – адзначае намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна:

– У заходнім кірунку ад Пінска робіцца важная справа, якая павялічыла патэнцыял, магчымасці рэгіёна, турыстычныя маршруты. І турыстычныя хвалі ідуць да нас. Чаго не скажаш пра некаторыя маршруты, якія нам падаваліся папулярнымі. Але яны страцілі нават тую папулярнасць, якую мелі раней.

Паводле слоў эксперта, Іванаўскі раён паказвае прыклад, як эфектыўна развівацца ў турыстычнай галіне. Трэба не проста ствараць турыстычныя аб’екты, а выкарыстоўваць увесь магчымы патэнцыял, як адзначыла Таццяна Хвагіна.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота trofei.by