Музей Энвера Хаджы: кулямёты, вышыванкі і самагонныя апараты



Энвер Хаджа, калі хто не ў тэме – гэта такі сабе албанскі «дзядуля Ленін» і «вялікі Сталін» у адным флаконе. Прынамсі, такі вобраз гэты камуністычны дыктатар набыў у албанскай рэвалюцыйнай міфалогіі пры жыцці. «Вялікі правадыр нацыі», «Гарант стабільнасці і парадку», «Найвялікшы балканскі геній усіх часоў»…

У сучаснай Албаніі моцна саромеюцца камуністычнай мінуўшчыны. І таму былы музей Энвера Хаджы ў горным мястэчку Джыракастра сарамліва называецца «Музеем этнаграфіі». Але «музей этнаграфіі» месціцца менавіта ў тым доме, дзе Хаджа нарадзіўся і большасць экспазіцыі мае да яго самае непасрэднае дачыненне.

Вось калыска, дзе будучы правадыр яшчэ немаўлём марыў пра светлы камуністычны шлях. Вось вышываныя спадніцы, якія насіла яго гераічная маці. Вось крэсла, у якім балканскі геній юнаком чытаў працы класікаў марксізму-ленінізму.

У музеі таварыша Хаджы больш за іншае вабяць вока дзве рэчы: неверагодная колькасць зброі і вялізныя самагонныя апараты. Зброя на які заўгодна густ: нямецкія кулямёты, італійскія стрэльбы, савецкія мінімёты, брытанскія пісталеты… Ёсць нават 45-мілімітровая гармата часоў Першай сусветнай. А самагонныя апараты ўражваюць шалёнымі памерамі. Як, зрэшты, і гіганцкія амфары для захавання «ракіі», моцнага садавіннага алкаголю, папулярнага на Балканах.

Наяўнасць у доме Хаджы цэлага арсенала можна вытлумачыць нацыянальнай традыцыяй, імкненнем бараніць албанскую незалежнасць ці падрыхтоўкай да камуністычнага паўстання. А вось колькасць і памеры самагонных апаратаў наводзіць толькі на адну думку: Энвер Хаджа быў настолькі перакананым у хуткай перамозе камуністычнай рэвалюцыі, што загадзя нават падрыхтаваў рыштунак для вытворчасці гігалітраў самагона.

Каб было потым чым тую перамогу адзначаць!

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя