Музей пра жыццё. Па музеі пад адкрытым небам Нямеччыны
Для цікаўнага турыста ў паўночную Нямеччыну раю адведаць музей пад адкрытым небам Мальфзеа. Гэта нацыянальны музей земляў Шлезвіг-Гальштэйн. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах пад Менскам, ці ўкраінскі ў Пірагове, пад Кіевам, чымсці нагадваюць гэты нямецкі музей. Аб’ект знаходзіцца менш, як у 100 кіламетрах ад Гамбургу ды займае плошчу 40 Га.
Што там можна ўбачыць? Найперш 60 гістарычных будынкаў ад 16-га па 20-ае стагоддзі. Гэта будынкі прымежных з Даніяй рэгіёнаў, якія былі рэканструяваны.
Цікавы для беларуса быў бы досвед садовых культураў. Асобна можна пазнаёміцца з методыкай працы ў агародах немцаў, з гадаваннем садовых дрэваў. Дарэчы, сады разглядаюцца ў прысядзібных участках, як курорт. Там ствараюцца альтанкі, пячоры, пешаходныя сцежкі, мастацка аздобленыя агароджы, дэкаратыўныя клумбы – такія ды іншыя формы дызайну, дадаюць да харчовай карыснасці саду, яшчэ і спосаб самавыяўлення гаспадара.
Адметнасцю ад этнаграфічнага музею ў Строчыцах (які дарэчы, асвятляе народную архітэктуру толькі трох рэгіёнаў Беларусі) музей датычыць адной федэральнай зямлі. Там няма вуліцаў, бо дамы, размешчаны на воддаль адно ад аднаго. Як бы падкрэсліваюць аднаасобнасць гаспадарання, яе самадастатковасць і незалежнасць прыватнага даробку чалавека. Хаты, з убачанага, у разы большыя за аналагічныя гаспадаркі таго самага часу, якія мелі беларусы.
Займальным з’яўляецца «жывы» складнік усяго музею. Некаторыя пабудовы абстаўлены інтэрʼерам таго часу, ёсць фігуры людзей у нацыянальных строях, фігуры хатніх жывёлаў. Таксама да паслугаў турыстаў прапанаваны статычныя побытавыя сцэны: прыгатавання ежы, догляд за быдлам, ці сямейная вячэра з гурмой дзяцей. Усе гэтыя візуальныя ілюстрацыі дапаўняюцца аўдыё гучаннем быдла, хатніх птахаў, гутаркі мужа з жонкай.
Асобная хата прысвечана тэме дзіцячых цацак, якія памятаюць многія дарослыя, таксама з Беларусі.
Тэма ўцёкаў нямецкіх людзей пад час Другой сусветнай вайны, мае шмат наглядных экспанатаў, сярод якіх інтэрактыўныя і дыдактычныя, для школьнікаў стэнды, якія навучаюць, што варта ўзяць у дарогу.
Мясцовыя школьнікі з радасцю адведваюць музей, дзе можна ўбачыць жывых свіней, курачак, парнакапытных.
Музей не працуе для наведнікаў круглы год. Ужо з лістапада па сакавік хаты зачыненыя, але турыстам прапануецца аглядны шпацыр штонядзелі па сцежках установы. Безбар’ернае асяроддзе ў музеі не просты гук, як у беларускіх культурных установах, напрыклад такіх, як Ружанскі палац Сапегаў. Музей Мальфзеа ўладкаваны ажно чатырма!!! Туалетамі для інвалідаў, стаянкай для ніх. Свае вазкі для інвалідаў, а таксама супрацоўнікі музею, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Кошт уваходу каля 5 еўра.
Беларускае Радыё Рацыя