Музей у „Каралінскім фальварку Тызенгаўза”



Музей у „Каралінскім фальварку Тызенгаўза” – малавядомая рэгіянальная перліна, якая створана сіламі мастака Сяргея Рыбака. Гарадзенец шэсць гадоў працуе ў фальварку. Уласны мастацкі талент ён выкарыстоўвае напоўніцу: ад разьбы па дрэве, да фрэсак і гістарычнага і этнаграфічнага музея. У вялікім свірне, які захаваўся з часоў Антонія Тызенгаўза, размясціліся на двух паверхах вынікі збіральніцтва і працы, якімі можа пахваліцца кожны рэгіянальны музей.

Кажа стваральнік музея Сяргей Рыбак:

– У даўнія часы ў 1780-я гады была закладзена ўзорная гаспадарка для вырошчвання сельскагаспадарчай прадукцыі ў прамысловых аб’ёмах. Гэта прыдумаў Антоній Тызенгаўз для таго, каб магнаты не прасілі грошай у караля, а маглі на сваёй падначаленай зямлі вырошчваць сельгаспрадукцыю. Вельмі шмат збудаванняў засталося, якія, на жаль, да нашага часу былі фактычна знішчаныя.

Колькасць экскурсіяў у фальварак, на дзіва, не вялікая, бо рэкламы пра існаванне музея не дастаткова. Людзі, якія прыязджаюць сюды, нават не падазраюць, што фальварак мае цікавы музей. Але тыя групы, якія трапляюць туды, атрымоўваюць вялікае ўражанне ад выяваў вялікіх асобаў палітычнага жыцця старабеларускай дзяржавы.

Кажа Сяргей Рыбак:

– Рэдкая экскурсія не заканчваецца апладысментамі. Гаварылі мне: Сяргей Алегавіч, каб вы не расказалі пра тое, што тут было, гэта была б проста груда камянёў. Менавіта тая гісторыя, якая тут сапраўды была, і разуменне гэтага, і дае магчымасць і працаваць, і расказваць.

Прыватная аграсядзіба „Каралінскі фальварак Тызенгаўза” мае рэальныя магчымасці стаць нечым большым, чым проста пітной установай, якая абслугоўвае вяселлі і карпаратывы багатых. Музей мог бы стаць эканамічна выгадным уласніку і стаць, у прышласці, крыніцай даходу і часткаю турыстычнага маршруту „Шляхамі Тызенгаўза”, які праз паўтара года мае злучыць Гародню з Саколкай.  

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя