Мядзведзі на вуліцах гарадоў



Помнікі мядзведзям сталі ўстанаўліваць у дваццатым стагоддзі. Хоць іх адлюстраванне на гербах розных гарадоў сягае намнога глыбей у старажытнасць. Найбольш помнікаў касалапым істотам канешне ў Расеі. Сама ведамыя помнікі еўрапейскім мядзведзям – у шатляндскім Эдынбургу, сталіцах Іспаніі – Мадрыдзе, Вялікабрытаніі – Лондане.

фота http://www.bearworld.ru/

Ёсць скульптуры мядзведзяў у дацкім Капенгагене і нямецкім Берліне. У сталіцы Германіі выява мядзведзя змешчана на гербе гораду.

Адзін з вядомых польскіх мядзведзяў знаходзіцца ў Вроцлаве. Размешчаны ён у самым цэнтры гораду, непадалёк папулярнай кнайпы “Спіж”.

Выява чорнага мядзведзя змешчана на гербе гораду Астраленка, што ў сённяшнім Мазавецкім ваяводстве, а таксама на гербе мястэчка Гонядзь, што ў Падляшскім ваяводстве. Прычым Гонядзь атрымала гэты герб яшчэ ў сярэдзіне 16-га стагоддзя. Ці ёсць мядзведзі на вуліцах гэтых местаў – па шчырасці не ведаю.

Сталіцай беларускіх мядзведзяў паўнапраўна можна лічыць Смаргонь. Праўда, герб гэтага раённага цэнтра, на якім выява чорнага звера, зацверджаны толькі ў наш час – 1 снежня 2004 года. За аснову гербавага сюжэту ўзяты якраз гістарычны факт існавання ў Смаргоні школы дрэсіроўкі мядзведзяў, так званай “Смаргонскай акадэміі”, заснаванай у XVII стагоддзі магнатамі Радзівіламі. Гэтая незвычайная школа знайшла сваё адлюстраванне ў гістарычнай і мастацкай літаратуры.

Герб Смаргоні з мядзведзем змешчаны на камені, які ўсталяваны ў цэнтры гораду.

А ў 2013 годзе ў гарадскім смаргонскім парку паўстала цэлая кампазіцыя аўтарства знакамітага скульптара Уладзіміра Церабуна, якая прысвечаная „Мядзвежай акадэміі”.

Яшчэ цэлая сямейка мядзведзяў знаходзіцца непадалёку ў тым сама парку.

Напрыканцы варта прыгадаць і каларытнага лідскага мядзведзя, які ўпрыгожвае даўні цэнтр беларускага піва.

Лідскі мядзведзь прыгадвае гісторыю ўзнікнення аднаго з гарадскіх бровараў. 

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара