Мястэчка Каменка – Антоніеўскі касцёл і іншыя адметнасці



Мястэчка Каменка ведама з другой паловы 16 стагоддзя як маёнтак на мяжы Гарадзенскага і Лідскага паветаў, сёння на тэрыторыі Шчучынскага раёну. У 1580 годзе Каспар Кладзінскі пабудаваў тут драўляны касцёл, а ў 1599 годзе Пётр Нонхарт, які валодаў таксама Гайцюнішкамі, заснаваў мястэчка. Пазней у 18 стагоддзі Каменка была ўжо ўладаннем роду Тызенгаўзаў. У час Паўночнай вайны ў Каменцы ў 1706 годзе цягам двух тыдняў размяшчалася стаўка шведскага караля Карла ХІІ . Паводле звестак на 1737 год у мястэчку было 47 двароў. У канцы 18 ст. пры касьцёле дзеілі шпіталь і прытулак.

У 19 стагоддзі Каменка была цэнтрам воласці і належала Тызенгаўзам, потым Урускім, а з пачатку 20 стагоддзя – Сапегам. На 1878 год тут было 411 жыхароў, а на 1885-ы – 440. Дзеіла валасное ўпраўленне, касцёл, 2 габрэйскія малітоўныя дамы, 3 крамы, праводзіўся кірмаш. Побач з мястэчкам быў аднайменны маёнтак, у якім працавалі вінакурня, водны і конны млыны. У 19 стагоддзі Каменка была адным з ганчарных цэнтраў. У пачатку 20 стагоддзя тут была вучэльня, у якой было 70 вучняў і адзін настаўнік. У першую сусветную вайну Каменка была акупавана кайзераўскімі войскамі. Потым перажыла лёс тыповага заходнебеларускага мястэчка.

Каменка – гэта яшчэ мясціна, дзе была ахрышчана Эліза Ажэшка.  Старажытнага касцёлу даўно ўжо няма. На тым месцы ўсталяваны памятны знак.

А побач узвышаецца касцёл святога Антонія якому больш 110 гадоў – адчынены ў 1908 годзе. Культавая забудова абкружаная прыгожай мураванай агароджай, на якой выкладзены год яе ўзвядзення – 1910-ы.

Пры касцёле дзеіць місія манахаў-рэдэмптарыстаў, пра што сведчыць таблічка на крыжы.

На тэрыторыі касцёлу косніца, а таксама скульптура Маці Божай з анёламі. На жаль, са старых дрэваў, якія былі вакол храма і высаджаны па цэнтральнай вуліцы і якія я памятаю яшчэ з дзяцінства, не засталося зараз нічога. Дрэвы па-варварску павыціналі і парэзалі пры пераўтварэнні мястэчка ў аграгарадок. Гэтая ганебная практыка знішчэння старых паркаў назіраецца і працягваецца па ўсёй Гарадзеншчыне. Так што тых дрэваў, якія маглі б памятаць Элізу Ажэшку, у Каменцы ўжо няма. Знішчылі разам з дрэвамі ў Каменцы і будынак старой радзільні-шпіталю.

Каля каменскага касцёлу магіла святара Язэпа Фарботкі, які быў удзельнікам беларускага руху. Прашу толькі не блытаць яго з іншым Фарботкам, таксама Юзюком, які быў беларускім паэтам грамадска-культурніцкім дзеячам, заолагам.

На помніку каменскаму Фарботку-святару няма даты нараджэння, выбіта толькі дата смерці – 7.01.1919 году. Вельмі цікавая асоба свайго часу, з якім у Каменцы звязана цэлая працяглая гісторыя. Тут таксама быў пробашчам Баляслаў Яроцкі, беларускі каталіцкі сьвятар.

Інфармацыйны стэнд пра касцёл, які ўсталяваны для падарожнікаў і гасцей Каменкі выкананы па-беларуску і ангельску.

З іншых помнікаў архітэктуры ў Каменцы захаваўся цікавы драўляны будынак адміністрацыі былой гміны, у савецкі час у ім размяшчалася школа.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара