Мытнікі Беларусі і Польшчы: як павялічыць прапускную здольнасць на мяжы



Удасканаленне мытных аперацый у рамках двухбаковага супрацоўніцтва абмеркавала кіраўніцтва Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, Палаты падатковай адміністрацыі ў горадзе Беластоку і Падляшскага мытна-падатковага ўпраўлення.

Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт, удзельнікі сустрэчы, якая адбылася ў Гродне, разгледзелі прапановы па павелічэнні прапускной здольнасці на беларуска-польскім участку мяжы, удасканаленні працы ў пунктах пропуску „Брузгі — Кузніца Беластоцкая” і „Бераставіца — Баброўнікі”. Таксама мытнікі вызначылі падыходы да вырашэння важных задач па павелічэнні грузапатоку, мінімізацыі ўтварэння чэргаў на мяжы ў выхадныя, святочныя дні і ў сезон адпачынкаў.

Прадстаўнікі беларускіх і польскіх мытных органаў наведалі транспартна-лагістычны цэнтр, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці з пунктам мытнага афармлення „Брузгі-2”. Са станоўчым вопытам прымянення бестранзітнай тэхналогіі ажыццяўлення мытных аперацый госці азнаёміліся ва ўнутраным пункце мытнага афармлення „Брузгі-ТЛЦ”.

Паводле інфармацыі ДМК, далейшае ўзаемадзеянне беларускага і польскага бакоў працягнецца, у тым ліку ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва „Польшча — Беларусь — Украіна” на 2014—2020 гады Еўрапейскага інструмента добрасуседства.

belapan.by