Мытнікі будуць выконваць функцыі пагранічнікаў у «Новай Рудні», «Катлоўцы» і «Макранах»
Мытнікі будуць выконваць некаторыя функцыі пагранічнікаў у пунктах пропуску «Новая Рудня», «Катлоўка» і «Макраны». Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў № 144 ад 12 сакавiка 2021, якая 16 сакавіка афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакументам дапоўнены пералік пунктаў пропуску праз дзяржмяжу, у якіх мытныя органы выконваюць асобныя функцыі органаў пагранічнай службы. Так, цяпер мытнікі будуць выконваць некаторыя функцыі пагранічнікаў у пункце пропуску «Новая Рудня» на беларуска-ўкраінскай мяжы. У «Макранах» на мяжы з Украінай яны пачнуць працаваць у такім рэжыме з 1 студзеня 2022 года, а ў «Катлоўцы» на мяжы з Літвой — з 1 верасня 2021 года. Для кожнага пункта вызначаны функцыі органаў пагранічнай службы, якія выконваюцца мытнымі органамі.
Раней у гэты пералік былі ўключаныя аўтамабільны пункт пропуску «Казловічы», чыгуначныя «Бігосава» і «Гудагай», а таксама «Аэрадром Орша».
Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.