МЗС: Асоб, якія ўязджаюць у Ізраіль, чакае 14-дзённая ізаляцыя
Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з тлумачэннямі ў сувязі з уведзенымі ў Італіі і Ізраілі дадатковымі абмежаваннямі, накіраванымі на прадухіленне распаўсюджвання каранавіруса COVID-19.
У прыватнасці, як інфармуе МЗС на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, урадам Італіі прынята рашэнне аб увядзенні з 10 сакавіка рэжыму строгага каранціну на тэрыторыі ўсёй краіны. Па стане на гэты момант часу плануецца, што рэжым будзе доўжыцца да 3 красавіка 2020 года.
У гэты перыяд перамяшчэнне дазволена толькі па прычынах працы, патрэб здароўя або надзвычайных сітуацый; забароненыя ўсе грамадскія, культурныя, спартыўныя і рэлігійныя мерапрыемствы, кірмашы і выставы; устанаўліваюцца пасты санітарнага кантролю на аўтастрадах, чыгуначных станцыях і ў аэрапортах краіны.
МЗС звяртае асаблівую ўвагу, што турыстычныя паездкі ў Італію не дапускаюцца. Пасажыры, якія прыбываюць і выязджаюць у/з Італіі паветраным транспартам (за выключэннем транзіту) павінны прадставіць абгрунтаваную мэту падарожжа.
Авіякампаніяй „Белавія” прынята рашэнне аб прыпыненні выканання рэйса па маршруце Менск — Мілан — Менск з 12 сакавіка па 2 красавіка 2020 года.
У сваю чаргу ўрадам Ізраіля прынята рашэнне аб абавязковым 14-дзённым каранціне для ўсіх грамадзян, якія прыбылі з-за мяжы ў перыяд з 9 па 23 сакавіка 2020 года.
Замежныя грамадзяне, заязджаючы ў Ізраіль, павінны даказаць, што ў іх ёсць магчымасць знаходзіцца ў рэжыме ізаляцыі на працягу двух тыдняў.
„Грамадзяне Беларусі, якія маюць намер наведаць Ізраіль, пачынаючы з 12 сакавіка 2020 г. павінны за 5 дзён да візіту накіраваць запыт (форма заявы і канкрэтны адрас электроннай пошты будуць апублікаваныя дадаткова) у адрас пасольства Ізраіля ў Беларусі. Уезд у Ізраіль можа быць ажыццёўлены толькі пасля атрымання адпаведнага пацвярджэння пасольства Ізраіля ў Менску”, — падкрэслівае знешнепалітычнае ведамства.
У сувязі з выкладзеным МЗС рэкамендуе грамадзянам Беларусі „ўстрымацца ад наведвання названых краін у гэты востры перыяд без асаблівай неабходнасці”.
У Італіі на гэты момант зарэгістраваная самая вялікая колькасць тых, хто заразіўся COVID-19, пасля Кітая: 9.172 чалавекі, а колькасць смяротных выпадкаў вырасла з нядзелі з 366 да 463. Па ліку інфікаваных Італія апярэдзіла Паўднёвую Карэю, дзе агульная колькасць выпадкаў складае 7.478.
belapan.by