МЗС: „Белавія” прыпыняе палёты ў Вільню



У сувязі з рашэннем літоўскага боку з 6 красавіка прыпыняюцца палёты ААТ „Белавія” ў Вільню, паведамляе Міністэрства замежных спраў Беларусі ў „Фэйсбуку”.

Пры гэтым МЗС нагадвае, што нацыянальны авіяперавозчык на сённяшні дзень не мае намеру па ініцыятыве беларускага боку адмяняць запланаваныя рэйсы, у тым ліку ў Арменію, Вялікабрытанію, Венгрыю, Германію, Ізраіль, Іспанію, Нідэрланды, Турцыю, Фінляндыю, Францыю, Чэхію, Швейцарыю, Швецыю, Эстонію, якія актыўна выкарыстоўваюцца замежнымі грамадзянамі для вяртання праз Менск у краіны свайго грамадзянства.

Як паведамляў БелаПАН, на днях прэзідэнт і міністр замежных спраў Літвы выказалі сумневы наконт эфектыўнасці мер, якія прымаюцца Беларуссю для барацьбы з каранавірусам, і заявілі аб магчымасці абмежавання авіязносін паміж краінамі.

Пра тое, што „кіраванне крызісам, звязаным з каронавірусам, у Беларусі не з’яўляецца добрым”, заявіў у сейме міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Ён таксама сказаў, што разглядаецца магчымасць абмежаваць рэйсы з Менска ў Вільню.

Яго меркаванне падзяляе і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Нельга давяраць афіцыйнай інфармацыі Беларусі аб каранавірусе, лічыць ён. „Мы не можам давяраць гэтай інфармацыі, якую атрымліваем афіцыйна з Беларусі, паколькі я лічу, што беларускі кіраўнік ацэньвае сітуацыю з пэўнай бравадай”, — заявіў Наўседа 1 красавіка журналістам. Паводле слоў прэзідэнта Літвы, „варта абмежаваць кантакты з краінай, якая не кантралюе сітуацыю, калі рызыка сапраўды адчувальная”.

У каментары ў адказ МЗС Беларусі папрасіла Літву перадаць дакладныя звесткі пра нейкія „пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі смерці, якія фіксуюцца”, калі такія звесткі існуюць на самай справе.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вопыт Беларусі ў барацьбе з віруснымі захворваннямі можа служыць прыкладам для многіх краін, а прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседзе беларускі кіраўнік параіў заняцца „сваім вірусам”.

„Калі ўжо прыйдзе такі момант, калі нам трэба дзесьці тушыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфектыўна, чым літоўскі прэзідэнт. Ён заклапаціўся пра беларускі вірус… Сваім вірусам займіся, у цябе там куча пытанняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусы не пра ўсё інфармуюць”, — сказаў Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі „Мір” 2 красавіка.

belapan.by