МЗС: Больш за 11 тыс. беларусаў выехалі з краіны за апошнія трое сутак



За апошнія трое сутак больш за 11 тыс. беларусаў выехалі з краіны. Паездкі ажыццяўляюцца пасля выразных рэкамендацый МЗС устрымацца ад замежных выездаў, заявіў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз. Тэкст заявы размешчаны на сайце МЗС.

„Яшчэ раз настойліва раім выключыць паездкі без асаблівай неабходнасці за мяжу ў гэты востры перыяд у сувязі з відавочнымі цяжкасцямі вярнуцца на радзіму. Грамадзяне, якія ажыццяўляюць падобныя крокі, павінны выразна ўсведамляць, што робяць яны гэта на свой страх і рызыку”, — падкрэсліў Глаз.

На сённяшні дзень міністэрства і беларускія замежныя ўстановы паспрыялі ў вяртанні дадому больш як 2.500 беларускім грамадзянам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі за мяжой.

„У фокусе ўвагі беларускіх дыпламатычных устаноў — ужо больш за 1.500 грамадзян, што знаходзяцца за мяжой, якія патэнцыйна найбліжэйшым часам могуць звярнуцца па неабходнае спрыянне. Праца вядзецца на пастаяннай аснове, — сказаў прадстаўнік МЗС. — У адпаведнасці з устаноўкамі кіраўніка дзяржавы ажыццяўляецца цеснае ўзаемадзеянне па лініі пасольстваў Беларусі і Расеі ў Польшчы з мэтай вырашэння ўсіх узніклых пытанняў па перасячэнні беларуска-польскай мяжы грамадзянамі Расіі, якія едуць дадому. Адпаведнае ўзаемадзеянне таксама выбудаванае па лініі іншых зацікаўленых службаў. Пытанні ў сапраўдны момант вырашаюцца канструктыўна, працэс ідзе, сітуацыя нармалізуецца”.

Паводле слоў прэс-сакратара, працягваецца рашэнне праблем з вяртаннем беларускіх грамадзян з краін Паўднёва-Усходняй Азіі. „Паводле першых ацэнак, у фокусе нашых дыпмісій ужо знаходзяцца больш за 100 чалавек. У прыватнасці, сёння пры садзеянні расейскага боку і пры актыўнай уцягнутасці дыпмісій Расейскай Федэрацыі ўдалося вырашыць пытанне па вылеце з Тайланда ў Маскву групы беларускіх грамадзян з дзецьмі. Чакаецца, што сёння ноччу яны ўжо прыбудуць у аэрапорт Унукава, — адзначыў Глаз. — Пакуль застаецца складаным пытанне з вяртаннем беларускіх грамадзян з Гоа і Шры-Ланкі. Пасольства Беларусі ў Індыі знаходзіцца ў пастаянным кантакце з беларускімі турыстамі, вядуцца кансультацыі па розных напрамках з мэтай захавання магчымасці іх вяртання на радзіму раней забраняванымі рэйсамі”.

Глаз таксама зазначыў, што ў кантакце з расійскімі ведамствамі вядзецца „пошук аптымальных шляхоў сістэмнага рашэння вострага пытання пра транзіт” грамадзян Беларусі праз аэрапорт Унукава. Цяпер бакамі намечаныя магчымыя сумесныя варыянты выхаду з гэтай сітуацыі. У МЗС Беларусі чакаюць больш аператыўнай рэакцыі расійскіх партнёраў на запыты.

„Дадаткова звяртаем увагу, што, паводле наяўных папярэдніх звестак, з 21 сакавіка 2020 года можа быць прыпыненае дзеянне бязвізавага рэжыму ўезду грамадзян Рэспублікі Беларусь у В’етнам”, — паведаміў прадстаўнік МЗС.

belapan.by