МЗС папярэдзіла беларускіх турыстаў аб абмежаваннях у некаторых краінах
Міністэрства замежных спраў звяртае ўвагу беларускіх турыстаў на ўвядзенне некаторымі краінамі абмежаванняў у сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса. Адпаведная інфармацыя размешчана на афіцыйных старонках МЗС у сацыяльных сетках.
«Дадаткова звяртаем увагу, што ў мэтах папярэджання завозу і распаўсюджвання COVID-19 некаторыя дзяржавы (або іх асобныя рэгіёны) увялі пэўныя абмежавальныя меры, звязаныя з уездам на іх тэрыторыю замежных грамадзян», – адзначылі ў ведамстве.
Па стане на 6 сакавіка абмежаванні рознай ступені, у прыватнасці, уведзены ў Аўстраліі, Бахрэйне, В’етнаме, Грузіі, Ізраілі, Індыі, Інданезіі, Іарданіі, Іраку, Кувейце, Кыргызстане, Маўрыкіі, Малайзіі, Мальдывах, Манголіі, Мʼянме, Новай Зеландыі, Палау, Папуа – Новай Гвінеі, Рэспубліцы Карэя, Саудаўскай Аравіі, КНДР, Сінгапуры, ЗША, Туркменістане, Турцыі, Філіпінах, Японіі.
«Звяртаем увагу, што меры для кожнай канкрэтнай краіны розныя. Таму грамадзянам, якія плануюць паездкі ў названыя дзяржавы, у мэтах атрымання падрабязнай інфармацыі аб характары і тэрмінах абмежаванняў, неабходна звяртацца ў адпаведныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы або консульскія ўстановы пералічаных краін», – дадалі ў міністэрстве.