МЗС паведаміла пра ўвядзенне шэрагам суседніх краін абмежаванняў на ўезд
Міністэрства замежных спраў паведамляе аб уведзеных у шэрагу сумежных з Беларуссю краін дадатковых абмежаваннях, скіраваных на прадухіленне распаўсюджвання віруснай інфекцыі COVID-19, у тым ліку аб забароне на ўезд замежных грамадзян.
Так, паводле інфармацыі МЗС, з 00.01 па кіеўскім часе 16 сакавіка тэрмінам на два тыдні не будзе ажыццяўляцца пропуск на ўезд цераз дзяржаўную мяжу Украіны іншаземцаў і асоб без грамадзянства, у тым ліку ў межах транзітнага праезду.
З 13 сакавіка на 10 дзён (з магчымасцю працягу тэрміну) закрытыя для пропуску замежных грамадзян межы Польшчы. З 00.00 15 сакавіка (ноч з суботы на нядзелю) польскім бокам прыпыняецца памежны рух на беларуска-польскім участку, спыняецца міжнародныя авія- і чыгуначныя зносіны, у тым ліку транзітны праезд.
На беларуска-польскай мяжы будзе спынены памежны рух на наступных пунктах пропуску: „Белавежа — Пярэраў” (аўтадарожны/пешаходны); „Чарамха — Высока-Літоўск” (чыгуначны); „Полаўцы — Пясчатка” (аўтадарожны); „Славатычы — Дамачава” (аўтадарожны); „Рудаўка — Лясная” (рачны).
„Грамадзяне Беларусі, якія маюць права на пастаяннае жыхарства ў Польшчы, могуць уехаць у Польшчу праз адкрытыя для асаблівага руху памежныя пераходы, але пры гэтым падлягаюць накіраванню на 14-дзённы каранцін”, — адзначае беларускае МЗС.
Унутраны аўтамабільны, чыгуначны і авіяцыйны транспарт у Польшчы будзе функцыянаваць.
Знешнепалітычнае ведамства звяртае ўвагу, што пазначаныя меры ў сумежных краінах не абмяжоўваюць выезд з іх грамадзян Беларусі.
МЗС просіць улічваць гэтую інфармацыю грамадзян Беларусі, якія планавалі вяртацца на радзіму транзітам цераз названыя краіны. „У гэтым выпадку неабходна дзейнічаць у адпаведнасці з канкрэтнай сітуацыяй і шукаць альтэрнатыўныя варыянты прыбыцця на тэрыторыю Беларусі. Тым, хто апынуліся ў сітуацыі немагчымасці для вяртання на радзіму, просьба паведамляць пра сябе ў адпаведныя замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь або ў Міністэрства замежных спраў для аказання магчымага садзейнічання”, — гаворыцца ў паведамленні.
У міністэрстве падкрэсліваюць, што „сітуацыя не статычная”. У сувязі з гэтым грамадзян, якія плануюць замежныя паездкі, дадаткова просяць у мэтах атрымання падрабязнай інфармацыі аб характары і тэрмінах абмежаванняў звяртацца ў адпаведныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы або консульскія ўстановы гэтых краін.
Актуальная інфармацыя па меры з`яўлення будзе размяшчацца ў тым ліку на сайтах беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у замежных дзяржавах.
belapan.by