МЗС Польшчы скасуе дамовы з візавымі пасрэднікамі
МЗС Польшчы апублікавала заяву ў сувязі з карупцыйнай справай, якая датычыць выдачы працоўных віз.

Сярод іншага, даручана „скасаваць кантракты з усімі аўтсорсінгавымі кампаніямі, якім з 2011 года даручана працаваць з візавымі анкетамі”. Пакуль невядома, ці закране гэта візавыя цэнтры Польшчы VFS Global у Беларусі. Гэтыя цэнтры – практычна адзіная магчымасць для беларусаў атрымаць польскую візу. На сайце аператара ніякіх абвестак пакуль няма.
Незалежныя польскія СМІ сцвярджаюць, што створаная МЗС спрошчаная візавая сістэма толькі спрыяла карупцыі – яна дазваляла абмінуць чаргу з дапамогай фірмаў-пасрэднікаў, і атрымаць візу за 4-5 тысяч даляраў. Паводле польскай апазіцыі, такім чынам у краіну магло ўехаць больш ста тысяч грамадзян краін Блізкага Усходу і Афрыкі.
