МЗС: Сітуацыя з вяртаннем беларускіх грамадзян на радзіму пастаянна ўскладняецца



На сённяшні дзень у сувязі з абмежавальнымі мерамі з прычыны распаўсюджвання віруснай інфекцыі COVID-19 дапамога ў розных фарматах у вяртанні ў Беларусь аказана ўжо больш чым 5.570 грамадзянам краіны. Пры гэтым сітуацыя пастаянна ўскладняецца, магчымасці звужаюцца, паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Паводле дадзеных знешнепалітычнага ведамства, 31 сакавіка грамадзяне рознымі маршрутамі вярнуліся з наступных дзяржаў: Венгрыя (27), В’етнам (8), Германія (22), Індыя (5), Інданезія (14), Катар (2), Мексіка (4), Літва (3), Польшча (122), Сербія (2), Чарнагорыя (14), Фінляндыя (1), Партугалія (4), Японія (4).

28 беларусаў разам з грамадзянамі іншых краін прыбылі напярэдадні з Турцыі чартарным рэйсам „Белавія”.

У сувязі са спыненнем паветранага транзіту праз Маскву вечарам 31 сакавіка па ўзгадненні і ва ўзаемадзеянні з расейскім бокам арганізаваны выезд аўтатранспартам пасольства Беларусі ў Маскве 19 беларускіх грамадзян з аэрапортаў Унукава, Дамадзедава, Шарамеццева для далейшага адпраўлення цягніком па маршруце Масква — Менск. Аналагічным чынам 1 красавіка вывезена яшчэ адна група беларусаў.

Сёння, 1 красавіка, дадому таксама прыбыло 114 суайчыннікаў спецыяльным рэйсам ААТ „Белавія” з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Гэтым жа бортам для далейшага руху ў свае краіны прыляцелі грамадзяне Літвы, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Расеі, Малдовы і Францыі.

„Яшчэ раз пацвярджаем, што асноўнымі праблемнымі рэгіёнамі масавай канцэнтрацыі беларускіх грамадзян працягваюць заставацца Індыя (у тым ліку штат Гоа), Шры-Ланка, В’етнам, Тайланд, Інданезія”, — гаворыцца ў паведамленні.

У МЗС БелаПАН паведамілі, што ў спісах, якія мяняюцца штодня, знаходзіцца больш за 200 грамадзян: каля 160 чалавек у Гоа і больш за 100 — у Дэлі. У асноўным гэта тыя турысты, якія прыехалі ў Індыю самастойна, але ёсць і тыя, хто купіў пуцёўку ў тураператараў.

Замежнымі ўстановамі падрыхтаваны і актуалізуюцца іх спісы, падтрымліваецца пастаянны кантакт. „На жаль, з прычыны ўведзеных расейскім бокам абмежаванняў, арганізаваная шматлікая група нашых суайчыннікаў гэтай ноччу не змагла вылецець у Маскву для далейшага транзіту ў Беларусь”, — канстатуе міністэрства.

Адзначаецца, што МЗС і ўсе іншыя зацікаўленыя беларускія дзяржорганы ў курсе названых праблем. Вядзецца ўсебаковае вывучэнне ўсіх магчымых варыянтаў аператыўнай дастаўкі суайчыннікаў з названых далёкіх краін. У працэс уцягнутыя Мінтранс, Мінфін, Мінспорту і турызму, авіякампанія „Белавія” і турыстычныя аператары.

МЗС звяртае ўвагу, што, паводле наяўнай папярэдняй інфармацыі, урадам Літвы прынята рашэнне аб спыненні з 00.00 гадзін 4 красавіка авіяцыйных і пасажырскіх паромных зносін, за выключэннем парома з Кіля ў Клайпеду.

„Заклікаем адсочваць рэлевантную інфармацыю, якая абнаўляецца на пастаяннай аснове, на сайтах беларускіх замежных устаноў і ў сацыяльных сетках, у тым ліку Міністэрства замежных спраў”, — гаворыцца ў паведамленні.

belapan.by