МЗС: Захоўваецца вастрыня сітуацыі з далёкімі краінамі



На сёння ў сувязі з абмежавальнымі мерамі з прычыны распаўсюджвання віруснай інфекцыі COVID-19 дапамога ў розных фарматах у вяртанні ў Беларусь аказаная ўжо прыкладна 6.400 грамадзянам краіны, паведаміла Міністэрства замежных спраў у «Фэйсбуку».

7–8 красавіка грамадзяне Беларусі працягвалі вяртацца дадому ў індывідуальным і групавым парадку рознымі маршрутамі, сярод іх 48 грамадзян вярнуліся з Польшчы на аўтобусах, арганізаваных пры садзеянні пасольства Беларусі. Адна грамадзянка Беларусі вылецела з Алжыра пры падтрымцы расійскага боку. Пасольства Беларусі ў Расеі ў кантакце з расейскімі калегамі вырашае пытанне па арганізацыі яе транзіту ў Беларусь.

Пасольствамі Беларусі ў Сербіі і Венгрыі ў цесным кантакце з мясцовымі органамі ўлады забяспечаная транспарціроўка і вылет на радзіму рэйсам «Белавія» 14 беларусаў з Сербіі праз Будапешт.

«Захоўваецца вастрыня сітуацыі з далёкімі краінамі, у прыватнасці з Індыяй, В’етнамам, Шры-Ланкой, Тайландам. Усе зацікаўленыя дзяржорганы працягваюць працу па пошуку найбольш аптымальнага механізму і шляхоў аказання садзейнічання беларусам у названых краінах», – канстатуе МЗС.

Таксама ідзе ўзаемадзеянне з казахстанскімі калегамі па вывучэнні магчымасцяў супрацоўніцтва пры эвакуацыі грамадзян дзвюх краін з Паўднёва-Усходняй Азіі.

МЗС таксама звяртае ўвагу, што ў Латвіі працягнуты рэжым надзвычайнай сітуацыі да 12 мая.

У Японіі да 6 мая ўведзенае надзвычайнае становішча на тэрыторыі гарадоў Токіа і Осака, а таксама прэфектур Канагава, Саітама, Хёга, Чыба і Фукуока (не прадугледжвае ўстанаўленне ў гарадах рэжыму каранціну).

БелаПАН