На Аўгустоўскім канале адкрылі сезон воднага турызму



На Аўгустоўскім канале адкрылі сезон воднага турызму.

Больш за 40 гадоў запар новы сезон аматары актыўнага адпачынку адкрываюць фестывалем воднага турызму „Нёманская вясна”. Спартыўнае свята сабрала каля 300 спартоўцаў з Беларусі, Расеі і Украіны.

На аднамесных і двухмесных байдарках і катамаранах яны спаборнічалі ў праходжанні розных дыстанцый на бурнай рацэ Асташанцы, непадалёк ад шлюза „Нямнова” на Аўгустоўскім канале.

Найбольш папулярныя маршруты на Аўгустоўскім канале – паходы па самым канале і рацэ Асташанцы з выхадам у Нёман, а таксама па маляўнічай рацэ Чорная Ганча. Як распавялі на турбазе ў Нямнове, пракатны парк байдарак некалькі гадоў таму пачынаўся з 5 асобнікаў. Зараз тут для аматараў адпачынку прапануюць 35 байдарак і плануюць павялічыць колькасць удвая.

У праграму фестывалю таксама ўключылі палёты на мятле над ракой і конкурс абжораў з паглынаннем на хуткасць тушонкі. Адкрылі фуд-корт, пляцоўку настольных гульняў, дзіцячую паласу перашкод.

У вячэрнюю праграму ўключылі традыцыйныя для турзлётаў песні ля вогнішча.

belta.by