На Беларускай чыгунцы ў снежні кожны 4-ы білет быў прададзены праз інтэрнэт
У снежні 2018 года ўдзельная вага продажу білетаў Беларускай чыгункі праз інтэрнэт склала 25,1%. Гэта значыць, кожны чацвёрты білет, рэалізаваны на цягнікі з нумараванымі месцамі, — электронны, паведаміла прэс-служба БЧ.
Усяго ў 2018 годзе паслугай куплі квіткоў анлайн скарысталіся амаль 2,6 млн грамадзян. Гэта на 22,4% больш, чым у 2017 годзе.
Таксама ў пасажыраў Беларускай чыгункі карыстаецца попытам паслуга куплі білетаў праз плацежна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання. У 2018 годзе з іх выкарыстаннем было рэалізавана 1,4 млн квіткоў, што на 40% больш, чым у 2017 годзе. Праз плацежна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання пасажыры могуць набыць квіткі на цягнікі рэгіянальных ліній эканамкласа і гарадскіх ліній, у тым ліку аформіць бясплатныя праязныя дакументы для дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў. Дадзеная паслуга даступная трымальнікам плацежных картак усіх банкаў Беларусі. Пры куплі білетаў праз тэрміналы камісійнага збору няма.
Сёння на БЧ дзейнічае 85 тэрміналаў самаабслугоўвання. Да II Еўрапейскіх гульняў на станцыях і прыпыначных пунктах Менск-Пасажырскі, Лошыца, Масюкоўшчына, Менск-Паўночны, Лябяжы і Беларусь плануецца ўсталяваць яшчэ 26 шматмоўных тэрміналаў самаабслугоўвання з купюра- і манетапрыёмнікамі.
belapan.by