На Эльбрусе загінуў беларускі альпініст



Днём 23 верасня на гары Эльбрус ратавальнікі знайшлі цела загінулага турыста з Менска. Пра гэта распавялі ў мясцовым высакагорным пошукава-выратавальным атрадзе Упраўлення МНС Расеі па Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы.

Яшчэ 18 верасня ў службу МНС паступіла заява ад беларуса, што пры ўзыходжанні на Эльбрус згубіўся яго бацька.

Аказалася, яны прыехалі ў горы і разам з групай турыстаў пакаралі вяршыню. Але на нейкім этапе іх шляхі разышліся: усе адправіліся па класічным маршруце з поўдня, а мужчына адзін пайшоў на ўзыходжанне з паўночнага боку горы. Гэта быў 62-гадовы альпініст з Менска.

Лічыцца, што другі маршрут складаней, чым пракладзеная для ўсіх дарога з поўдня. Група паспела дайсці да вяршыні і спусціцца, але вось самотны альпініст не вярнуўся.

«Мужчына павінен быў выйсці з сынам на сувязь 17-га чысла, але гэтага так і не адбылося, на жаль», – распавялі ў Эльбрускім высакагорным пошукава-выратавальным атрадзе МНС Расеі.

Некалькі дзён ратавальнікі ішлі ў горы, уздымалі і камерцыйны верталёт для пошуку. Аказалася, што хоць турысцкая група мела рэгістрацыю на ўзыходжанне, але вось зніклы альпініст на свой маршрут – не.

Сёння каля поўдня цела загінулага знайшлі супрацоўнікі Паўночна-Каўказскага пошукава-выратавальнага атрада МНС Расеі на вышыні 4750 метраў у раёне скал Ленца. Мужчына быў унутры разарванай палаткі – мяркуючы па ўсім, яе разбурыў ураган, і чалавек папросту замёрз.

Зараз работнікі МНС дапамагаюць даставіць яго цела да падножжа Эльбруса для далейшай транспарціроўкі на радзіму.

TUT.BY