На Кіпр з 10 траўня змогуць прыляцець прышчэпленыя ад COVID-19 турысты



Улады Кіпра вырашылі з 10 траўня ўпускаць у краіну замежных турыстаў з 65 краін, вакцынаваных супраць COVID-19, у тым ліку і расейскім прэпаратам «Спадарожнік V», без наяўнасці адмоўнага тэста і без каранціну.

«Цалкам вакцынаваныя людзі з 65 краін з 10 мая змогуць прыехаць на Кіпр без тэстаў на COVID-19 і без каранціну, нават калі ў іх быў цесны кантакт з заражаным чалавекам», — сказаў міністр. Уезд будзе дазволены турыстам з краін — членаў ЕЗ, Еўрапейскай эканамічнай зоны, а таксама Швейцарыі, Арменіі, Бахрэйна, Беларусі, Канады, Егіпта, Грузіі, Ізраіля, Іарданіі, Кувейта, Лівана, Катара, Расеі, Саудаўскай Аравіі, Сербіі, Украіны, ААЭ, Вялікабрытаніі і ЗША.

Міністр турызму растлумачыў, што турысты пры ўездзе ў краіну павінны будуць прад’яўляць толькі прышчэпачны сертыфікат. Адмоўны тэст на каронавірусную інфекцыю не спатрэбіцца. Ён дадаў, што замежныя падарожнікі перад паездкай павінны будуць загрузіць свой сертыфікат на сайт Cyprus Flight Pass і запоўніць спецыяльную форму.

Паводле слоў міністра турызму, у канцы траўня будзе больш дакладная карціна разумення таго, як развіваецца сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй у краіне і ў свеце.

zviazda.by