На пашпарт Новай Беларусі больш за 57 000 запытаў
Намеснік старшыні АПК Валер Кавалеўскі распавёў пра вынікі апытання пра новы нацыянальны пашпарт Беларусі, якое праходзіла на платформе «Голас».

«Трохі больш за тыдзень таму мы прэзентавалі праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Мы ўражаныя запытам: за такі кароткі тэрмін удзельнікі апытання выказалі намер атрымаць больш за 57 000 пашпартоў. Тысячы з іх пазначылі, што плануюць звяртацца па пашпарт не толькі для сябе, але і разам з чальцамі сваіх сямей. Такое жаданне выказалі беларусы з розных куткоў свету, у тым ліку з ЗША, Канады і іншых дзяржаў».
Па словах Кавалеўскага, асабліва натхняе тое, што больш за траціну ўдзельнікаў апытання зараз жыве ў Беларусі, хоць з меркаванняў бяспекі праект пакуль арыентаваны на беларусаў замежжа. Прытым самай папулярнай прычынай патрэбы ў новым пашпарце апытаныя назвалі непрыняцце рэжыму і яго акупацыйных сімвалаў. Разам з тым, амаль палова ўдзельнікаў апытання пражываюць у Еўразвязе. І прадказальна, што іншымі, больш прагматычнымі прычынамі згодна з апытаннем стала заканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта і цяжкасці з абменам дакумента ў рэжымных консульствах. Апытанне паказала, што мінімум 2 тысячы чалавек маюць патрэбу ў аднаўленні пашпарта ўжо зараз. Гэты вынік таго, што ўстановы рэжыму не выконваюць сваіх абавязкаў перад грамадзянамі, якія жывуць у замежжы. Таму мы бяром частку функцый па дакументацыі беларускіх грамадзян на сябе, заяўляе прастаўнік АПКБ.
Беларускае Радыё Рацыя
