На Піншчыне чакаюць павелічэння колькасці польскіх турыстаў
Галоўнымі чыннікамі, якія гэтаму паспрыяюць, з’яўляецца сёлетні выхад у Польшчы кнігі Малгажаты Шэйнэрт «Насыпаць горы. Гісторыі з Палесся», і стварэнне турыстычнага маршруту па шляхах экспедыцыі амерыканкі Луізы Арнер Бойд. Турыстычны маршрут ужо прэзентаваны на двух міжнародных выставах.
Кніга Малгажаты Шэйнэрт скіравана ў першую чаргу на аматараў мінуўшчыны, людзей, якіх цікавіць прырода. Менавіта такіх турыстаў і чакаюць на Пінскім Палессі, адзначае дырэктар дзяржаўнага заказніка “Сярэдняя Прыпяць і Простыр” Віктар Бяленка:
– Інфармацыя пра заказнік і наш патэнцыял пашыраецца праз СМІ, праз Інтэрнэт. Я лічу, што ездзіць будуць аматары, таму што заказнік – гэта спецыялізаваная зона, якая будзе цікавіць менавіта тых, хто любіць прыроду, хто любіць экалагічны турызм.
Ужо ёсць дзве групавых замовы з польскага боку, каб наведаць Піншчыну і прайсціся шляхамі Луізы Арнер Бойд. Дарэчы, польская пісьменніца пачынае сваю кнігу з аповяду пра навуковую вандроўку амерыканскай даследчыцы па Палессі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tio.by