На поўначы Італіі з-за каронавіруса закрываюць гарады
На поўначы Італіі ў шэрагу гарадоў з-за каронавіруса ўведзены каранцін. Як паведамляе Euronews, жыхарам забаронены ўезд і выезд без асаблівых дазволаў, якія выдаюцца індывідуальна і толькі ў выключных выпадках.
Усяго ў закрытых зонах пражываюць больш за 50 тыс. чалавек. Ім рэкамендуюць не выходзіць на вуліцу. Парушальнікам правіл каранціну пагражаюць штрафамі і арыштам.
У італьянскай паліцыі не выключаюць, што каранцінныя зоны могуць быць пашыраны. Услед за правінцыямі Венета і Ламбардыя, дзе ў мінулыя выхадныя абвешчаны каранцін, аб закрыцці школ і адмене ўсіх грамадскіх мерапрыемстваў з-за пагрозы эпідэміі аб’явілі ў вобласці Фрыулі-Венецыя-Джулія. Тут пакуль не зафіксавалі ні аднаго выпадку захворвання, аднак у суседніх рэгіёнах колькасць выяўленых носьбітаў каронавіруса імкліва павялічваецца і перасягнула ўжо 130 чалавек.
Як доўга будзе дзейнічаць каранцін, пакуль невядома. Мясцовыя ўлады асабліва занепакоены тым, што пакуль незразумела, як менавіта інфекцыя з’явілася на поўначы Італіі.
Паводле апошніх даных, у Італіі ад каронавіруса памерлі тры чалавекі – гэта пажылыя жыхары Венета і Ламбардыі. Адзначаецца, што яны памерлі з-за ўскладненняў на фоне іншых праблем са здароўем. Дваім з іх вельмі позна паставілі правільны дыягназ.