На ровары праз беларуска-польскую мяжу
Абмеркаваць пытанне перасоўвання на ровары праз беларуска-польскую мяжу хочуць прадстаўнікі культурна-асветніцкай установы «За вела – Берасце!». Адмысловы круглы стол яны плануюць на вясну.
Самае галоўнае – гэта вынесці ў публічную прастору магчымасці турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, – адзначыў адзін з ініцыятараў Уладзімір Красько:
– Рыхтуем зараз даследаванне і матэрыялы для секцыі, якая будзе прысвечаная менавіта роварнаму турызму. І хочам паказаць звязку ўсіх пытанняў, якія датычацца трасы Еўравела-2, памежнага пераходу Берасце-Цярэспаль, развіццю турыстычнай інфраструктуры, развіццю патоку турыстаў паміж нашымі гарадамі. Такімі як, напрыклад, Берасце – Люблін, Берасце – Бяла-Падляска.
То бок ёсць турыстычныя напрамкі, па якіх будуць зацікаўленыя людзі з розных гарадоў па гэтай лініі наведваць наш горад, – падсумаваў эксперт у роварнай тэматыцы.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
