На вялікіх рэках Беларусі назіраецца імклівы пад’ём вады



На некалькіх вялікіх беларускіх рэках назіраецца імклівы пад’ём вады. Сёлетняя вясновая паводка на рэках Палесся можа перавысіць паказнікі 2013 года, калі некаторыя населеныя пункты Гомельшчыны сышлі пад ваду ці былі адрэзаныя ад мацерыка.

Наколькі інтэнсіўная паводка сёлета? Якія прычыны вялікай вады? Пра гэта і іншае ў праграме “Госць Рацыі” разважае эколаг Дзмітрый Янкоў.

РР: Наколькі значная паводка сёлета? Па Сожы з таго, якую выкладаюць інфармацыю на гідрапастах, публікуюць афіцыйныя СМІ і па тым, як выглядае набярэжная ў Гомелі, здаецца, што 2013 год можа, сама меней, паўтарыцца ў плане паводкі. Бо вялікая вада прыйшла.

Дзмітрый Янкоў: Я бачу, што так, 2013 год амаль што ёсць, ёсць такі ўжо ўзровень.  Атрымліваецца, што такі перыяд вялікіх паводкаў прыкладна ў 10 – 12 год адсочваецца.

РР:  Гісторыя назіранняў вясновых паводкаў у Беларусі налічвае крыху больш за сотню гадоў. Мы ведаем, што за 50 апошніх гадоў у Беларусі адбылося 12 буйных паводак. І небяспеченыя з іх былі ў 1979 і ў 1999. Узроўні вады тады ў рэках узнімаліся на 6 метраў вышэй за 0. Для прыкладу зараз, па стане на 6-га красавіка, узровень вады ў Сожы ля Гомеля складае 589 сантыметраў. То бок, мы дасягнулі таго крытычнага парогу 600 сантыметраў. А вось ля Мазыра на рацэ Прыпяць мы маем усяго 468 сантыметраў.

Дзмітрый Янкоў: Перадапошняя вялікая паводка была, напэўна, у 1999 годзе. Паміж гэтай паводкай і апошняй дзесьці 10 гадоў. То бок, назіраецца нейкая цыклічнасць у прыродзе. Вялікія паводкі – гэта, простымі словамі,  той увесь снег, які збіраўся за зіму, стайваў напрыканцы сакавіка – пачатку красавіка. І гэта і выклікала паводкі. У апошні час праз змену клімату мы рэдка маем такія ўмовы, калі снег, які выпадае цягам зімы, а то і дождж, захоўваліся да красавіка. Зараз, каб атрымаць вялікія паводкі, трэба, каб вялікія снегавыя ападкі выпалі напрыканцы зімы – на пачатку вясны. Яны і дадуць гэтыя вясновы паводкі, добры ўзровень вады.  А так, у апошнія гады мы наогул не назіраем вялікага ўзроўню, вялікага пад’ёму вады. Менавіта таму, што снегавыя ападкі сыходзяць паступова, не назапашваюцца, а сыходзяць паступова.

РР: Наколькі яскравая падзея – паводка ў Беларусі на фоне іншых краін Еўропы?

Дзмітрый Янкоў: Гэта ўнікальная з’ява для нашага Палесся. Яскравая з’ява ў прыродзе, якая амаль не сустракаецца больш нідзе ў Еўропе. Таму што там рэкі даволі зарэгуляваныя. І рэльеф не такі асаблівы, як у нас на Палессі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя