Начны Тбілісі
Начны Тбілісі зачароўвае, уражвае і натхняе. Не толькі вядомыя паэты і пісьменнікі, такія як Лермантаў, Пушкін, Грыбаедаў натхняліся Грузіяй, але і простыя заезжыя. Натхняюцца гэтай краінай турысты і цяпер. Людзі, калі прыязджаюць сюды, акунаюцца ў атмасферу рамантыкі: прырода, віно, танцы, серавадародныя лазні, ежа і начныя агні…
Лічыцца, што гэты горад, з насельніцтвам крыху больш за мільён, заснаваны ў V стагоддзі, але некаторыя звесткі пра гістарычныя аб’екты сталіцы Грузіі вядомыя і раней. Месціцца Тбілісі на рацэ Куры. Архітэктура горада разнастайная: ад сярэднявечных вулачак з крэпасцю ў раёне Нарыкала да сучасных шкляных канструкцый.
У гістарычным цэнтры Тбілісі калісьці раскапалі тэрмальныя лазні I-II стагоддзяў з выкладзенымі мазаікай басейнамі, распранальнямі і развітой сістэмай керамічных труб. У іншых раёнах горада раскапаныя паселішчы VI-III стст. да н. э.
Вядомыя серныя лазні ў Тбілісі наведваў нават Аляксандр Пушкін, калі сустракаўся там са сваімі сябрамі. Таму самая папулярная ў сталіцы лазня тая, дзе адпачываў рускі паэт. Мясцовыя называюць яе блакітнай або пярэстай. Нядаўна там праводзілася рэканструкцыя. Каб трапіць у гэтую лазню, трэба запісвацца загадзя.
У начны час цэнтр горада напаўняецца музычнымі гукамі, спевамі ды танцамі. На галоўным праспекце горада Руставелі з’яўляюцца музыкі, якія задавальняюць разнастайны густ. Але больш слухачоў збіраюць тыя, хто грае рок, джаз і фольк. Адныя зарабляюць такім чынам дадатковыя грошы, бо людзі жывуць у асноўным там не заможна. Іншыя робяць гэта для свайго задавальнення.
Большасць кавярняў і рэстарацый працуюць да позняга. Ва ўсіх іх можна замовіць традыцыйныя грузінскія стравы і віно, а вось аматары дэсертаў і грузінскага ліманада не ў кожнай кавярне знойдуць прысмакі ў начны час. Больш за ўсё грузінская кухня падабаецца тым, хто цэніць розныя прыправы і вастрыню ў ежы. Грузіны вельмі гасцінныя. Пасля застолляў з дзясяткамі грузінскіх страваў і тостаў амаль усе застаюцца задаволенымі.
Як зазначаюць грузінскія жанчыны, мясцовыя мужчыны абыходлівыя, шануюць і паважаюць жанчын. Але ўсё ж у Грузіі распаўсюджаны патрыярхат. Дарэчы, першае правіла грузінскага вяселля – гэта багацце запрошаных гасцей. Часам іх колькасць дасягае некалькі сотняў. Адмовіцца прыйсці на вяселле амаль немагчыма. Бо гэта вялікая крыўда для запрашаючага боку, бывае, што з яе і пачынаецца шматгадовая варожасць дзвюх сем’яў.
Стратэгічнае размяшчэнне Тбілісі на скрыжаванні паміж Еўропай і Азіяй неаднаразова рабіла горад яблыкам разладу паміж рознымі сіламі на Каўказе. Заўважна і тое, што горад у асноўным жыве з турыстычнага бізнэсу. Амаль усё скіраванае на замежных турыстаў, але мясцовыя жыхары захоўваюць талерантнасць.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі