Над Украінай могуць закрыць паветраную прастору
Ёсць верагоднасць, што над Украінай закрыюць паветраную прастору. Пра тое, што з заўтрашняга дня над Украінай могуць не лятаць самалёты, паведаміў дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка: «Хутчэй за ўсе, з 14.02 з 16:00 па Кіеву паветраны рух ва Украіне будзе прыпынены. У Брытаніі найбуйнейшая страхавая ўжо разаслала паведамленні, што з 14.02 з 14:00 па Лондану спыняецца страхоўка грамадзянскіх самалётаў, якія знаходзяцца ў паветранай прасторы Украіны». Уладальнікам самалётаў, якія здаюцца ў лізінг, ужо нібыта забаронена лятаць у паветранай прасторы Украіны.
У суботу скасавала свае рэйсы ва Украіну нідэрландская кампанія KLM, украінская кампанія Sky Up сёння была вымушаная пасадзіць свой лізінгавы самалёт з Фуншала на партугальскай Мадэйры ў Кішынёве, прагназуецца таксама адмова ад рэйсаў з боку кампаніі Air France. За апошнія суткі каля 30 краін выступілі з заклікамі да грамадзян пакінуць Украіну або ўстрымацца ад паездак туды ў сувязі з магчымым уварваннем Расеі. Сярод іх — ЗША, Вялікабрытанія, Турцыя, Аўстралія, Новая Зеландыя, Нарвегія, многія краіны Еўразвяза, уключаючы Германію, Нідэрланды і Італію, Ізраіль, Паўднёвая Карэя, Канада, Марока, Іарданія, Кувейт.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: 9111.ru