Настаўнікам прапаноўваюць пуцёўкі ў акупаваны Крым
У адной са школ Наваполацка настаўнікаў індывідуальна выклікаюць да дырэктара і настойліва прапануюць набыць пуцёўкі ў Крым.

Прычым, як стала вядома „Нашай Ніве”, абяцаюць, што грошы за пуцёўкі потым аднімуць з адпускных і нават кампенсуюць 30% іх кошту.
Такія прапановы настаўнікам адбываюцца на фоне заяў украінцаў аб хуткім контрнаступе, адным з кірункаў якога можа быць і Крым.
Колькі каштуе пуцёўка ў акупаваны Крым? Згодна з прэйскурантам на сайтах турагенцтваў, 14 начэй у маі-чэрвені абыдзецца ад 130 да 550 даляраў у залежнасці ад разраду гатэля. Сярэдні кошт пуцёўкі з пераездам, пражываннем у гатэлі з трохразовым харчаваннем будзе складаць прыкладна 230 даляраў.
Варта дадаць, што наведванне Крыму праз тэрыторыю Расеі пераследуецца ўкраінскім заканадаўствам.
