Наступны год плануецца абвясціць Годам турызму Беларусі і Кітая
Наступны год плануецца абвясціць Годам турызму Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 25 верасня намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.
Паводле яго слоў, пагадненне пра гэта можа быць падпісанае прэм’ер-міністрамі дзвюх краін у лістападзе.
Зараз, адзначыў ён, міністэрства рыхтуе план мерапрыемстваў для таго, каб кітайскія турысты атрымалі ў Беларусі поўны спектр паслуг: пачынаючы ад лагістыкі, навігацыі, харчавання і заканчваючы экскурсійнай праграмай і шопінгам.
Партной расказаў, што ў Беларусі з азнаямленчым візітам знаходзіцца група прадстаўнікоў самай буйной дзяржаўнай турыстычнай карпарацыі Кітая, якая мае прадстаўніцтва больш чым у 20 краінах. Намеснік міністра падкрэсліў, што гэтая кампанія можа прывезці ў Беларусь да 10 тыс. турыстаў. Ён адзначыў, што ў асноўным кітайскіх грамадзян цікавіць у Беларусі „чырвоны турызм” (звязаны з камуністычным мінулым краіны. — БелаПАН.).
„Кітайцы — самая вандроўная нацыя ў свеце, — сказаў Партной. — Летась за мяжу выехала 120 млн кітайцаў. Я спадзяюся, у нас у краіне тэставай групе спадабаецца, і турпатокі з Кітая да нас пойдуць. Але для гэтага трэба папрацаваць”.
Ён нагадаў, што ў траўні падчас візіту ў КНР Аляксандра Лукашэнкі кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што ў перспектыве для грамадзян Кітая будзе арганізаваны бязвізавы ўезд у Беларусь па агульнаграмадзянскім пашпарце да 30 сутак знаходжання. Праца па гэтым пытанні вядзецца, удакладніў Партной. Зараз жа без візы жыхары КНР могуць знаходзіцца ў Беларусі тры дні пры наяўнасці сапраўднай шэнгенскай візы.
belapan.by