Наўседа прапанаваў не спяшацца і ацаніць наступствы закрыцця яшчэ двух пунктаў пропуску
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў не спяшацца з закрыццём яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Паводле яго слоў, наступствы такіх крокаў трэба старанна ацэньваць, а не ператвараць закрыццё КПП у спорт, паведамляе reform.by.

«Я думаю, мы павінны ацэньваць магчымыя страты, магчымыя нязручнасці, у тым ліку для нашых грамадзян, і толькі пасля ацэнкі ўсіх аспектаў рабіць высновы, прымаць рашэнне, як і зрабілі ў выпадку з «Шумскасам» і «Цвярачуком», – сказаў ён, наведваючы Варэнскі раён і аб’екты памежнай службы, размешчаныя ў ім.
Прэзідэнт Літвы азнаёміўся з магчымасцямі памежнай службы, а таксама абмеркаваў з прадстаўнікамі ведамства сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы.
Учора міністр унутраных спраў Агне Білатайце заявіла, што яе ведамства прапануе ўраду закрыць пункты «Райгардас» і «Лаварышкес», скараціўшы такім чынам колькасць дзейных пераходаў з шасці да двух.
Прэм’ер-міністр краіны Інгрыда Шыманітэ не падтрымала гэтую прапанову. Паводле яе слоў, найбліжэйшым часам рашэнняў аб закрыцці яшчэ двух пераходаў не будзе.
