Наваспаск – руіны некалі велічнага манастыра



Пры дарозе, якая вядзе з Крэва на Смаргонь, стаяць руіны загадкавага храма. Звесткі пра яго дастаткова скупыя, у іх гэты помнік даўніны фігуруе як былы базыльянскі манастыр у Суцькаве. Вёска Суцькава побач і прыналежыць да цяперашняга Сінькоўскага сельсавету. Самы руіны бліжэй да паселішча Наваспаск (да 1964-га мясціна называлася проста – Ферма).

Першы ўніяцкі храм тут быў заснаваны яшчэ ў час Рэчы Паспалітай, дакладная дата забудовы невядомая. Ёсць некаторыя звесткі, што будаўніцтва ішло ажно 35 гадоў. Паводле іншых крыніц храм паўстаў у 1808-ым годзе. Уражвае магутны падмурак будыніны, які зроблены не з камянёў, а з цэглы. Манастыр быў ведамы тым, што ў ім захоўвалася адна з трох копій плашчаніц, што знаходзіліся на беларускіх землях. Пасля ліквідацыі Ўніі храм быў перароблены ў праваслаўную царкву, званы з яго знялі. Усе каштоўнасці былі разрабаваны і вывезены.

Разбураны ён быў у час першай сусветнай вайны. З таго часу манастыр стаіць у руінах. За польскім часам былі няўдалыя спробы стварыць тут касцёл, а побач з старым храмам была пабудаваная драўляная праваслаўная царква (яна не збераглася). У савецкі час значную частку цэглы расцягнулі мясцовыя жыхары, іншая частка цэглы і інтэр’ера старога помніка пайшлі на пабудову Крэўскага шпіталя, яшчэ частка трапіла ў Жодзішкі.

Яшчэ нядаўна храм амаль хаваўся ў суцэльным зарасніку дрэваў і кустоўя. За апошнія гады, аднак, тэрыторыя была значна ачышчана, толькі пры тым чамусьці былі знішчаны і садовыя дрэвы. А вакол высілкамі прадпрымальніцы была пабудаваная новая праваслаўная царква. Самае прыкрае аднак у тым, што руіны некалі выдатнага шэдэўра архітэктуры нават не занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

 

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара