Наведванне лясоў абмежаванае ўжо ў 15 раёнах Беларусі
Паўднёвыя рэгіёны краіны працягваюць уводзіць часовыя абмежаванні на наведванне лясоў. На 14 гадзін 8 красавіка забароны дзейнічалі ўжо ў 15 раёнах, паведаміла прэс-служба Мінлясгаса.
Першыя забароны былі ўведзеныя ў пачатку гэтага тыдня на тэрыторыі Мазырскага (Гомельская вобласць) і Столінскага (Берасцейская вобласць) раёнаў.
Цяпер забароны ўведзеныя ў Гомельскай вобласці (Брагінскі, Нараўлянскі, Ельскі, Лельчыцкі, Мазырскі, Петрыкаўскі, Жыткавіцкі, Рэчыцкі, Веткаўскі, Жлобінскі раёны), у Берасцейскай вобласці (Столінскі, Пінскі, Берасцейскі, Камянецкі раёны) і ў Менскай вобласці ў Салігорскім раёне.
Чакаецца, што ў хуткім часе наведванне лясоў можа быць абмежаванае і ў іншых паўднёвых рэгіёнах краіны.
Як патлумачыла прэс-служба, прычына ўвядзення часовых забаронаў на наведванне лясоў — высокі клас пажарнай небяспекі. Стаіць гарачае, сухое надвор’е, адсутнічаюць ападкі, пажар узнікае ад найменшай іскры.
Так, толькі за мінулыя суткі ў лясным фондзе Мінлясгаса здарыліся 52 лясныя пажары. Агульная плошча ўзгаранняў склала 155,9 га. З пачатку года ў лясах зафіксавана ўжо 270 узгаранняў. Агульная плошча ачагоў перавысіла 700 га.
„Асноўнай прычынай пажараў з’яўляецца чалавечы фактар: грамадзяне выжыгаюць сухую расліннасць, у выніку парываў ветру агонь пераходзіць у лясны фонд. Акрамя таго, часцяком ад неабдуманых дзеянняў пакутуе асабістая маёмасць насельніцтва”, — адзначыла прэс-служба.
На сайце міністэрства апублікаваная інтэрактыўная карта лясных тэрыторый, якія забаронена наведваць.