Наземная мяжа Беларусі застаецца закрытай
21-га снежня 2020 года пачалі дзейнічаць новыя правілы пры выездзе з Беларусі. Фармальна ў мэтах “прадухілення распаўсюду ў Беларусі інфекцыі, выкліканай каронавірусам” для грамадзян прыпынілі выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску. Ужо год беларусам, каб паехаць у суседнія краіны праз наземныя пераходы, патрэбныя нейкія афіцыйныя падставы. Журналісты партала Zerkalo.io патэлефанавалі на гарачыя лініі Міністэрства аховы здароўя і Дзяржаўнага памежнага камітэту, каб даведацца, ці плануюцца паслабленні пры перасячэнні мяжы. У памежным ведамстве ня ведаюць. У Мінздароўя кажуць, што з’яўляюцца новыя штамы і нічога незвычайнага тут няма.
У той жа час 21-га снежня з’явілася пастанова Савета міністраў аб змякчэнні патрабаванняў для самаізаляцыі для кантактных асоб 1 і 2 узроўняў і людзей, якія прыязджаюць у Беларусь. Цяпер каранцін абавязковы толькі для тых, каму пастаўлены дыягназ COVID-19.