Неапаль. Кастэль Нуовэ – помнік амбіцыям і інтрыгам



Замкі сярэднявечнай Еўропы – гэта не проста фартэцыі. Гэта ў пэўнай ступені знак панавання: маўляў, улада тутэйшага сіньёра такая ж непахісная, як і замкавыя камяні. Бунтаваць супраць сюзерна бессэнсоўна, так што акуратна плаціць падаткі, і ў разе варожай навалы вам будзе дазволена схавацца за магутнымі мурамі.

“Новы замак”, ці Кастэль Нуовэ, які ўзвышаецца непадалёк порта Неапаля, акурат і быў узведзены Карлам Анжуйскім як знак улады над горадам. Фартэцыю пачалі будаваць у 1279 годзе і скончылі ў рэкордны для Сярэднявечча час – усяго за тры гады.

За больш чым 800 гадоў існавання Кастэль Нуова зведаў процьму аблогаў, абстрэлаў, пажараў, рабаванняў, перабудоваў і землятрусаў. Прытым у большасці выпадкаў узяць замак штурмам не атрымлівася. Але ў гісторыю “Новы замак” увайшоў найперш як месца шматхадовых змоваў, падступных інтрыгаў і крывавых палацавых пераваротаў.

Менавіта тут выракся папскай тыяры Целісцін V, а замест яго быў абраны папа Баніфацый VІІІ. Менавіта сюды кароль Фердынанд запрасіў на пір мяцежных баронаў, дзе іх усіх схапілі і страцілі. А ўжо пра шматлікія атручванні, задушэнні і скіданні з замкавых мураў можна і не згадваць – за гісторыю Кастэль Нуовэ іх былі сотні.

Сёння ў замку, як і ў большасці італійскіх сярэднявечных фартэцый, месціцца музей. Але яшчэ ў 2006 годзе тут праходзілі рэгулярныя паседжанні неапалітанскага гарвыканкама.

Зрэшты, тут я крышачку памыляюся: у Італіі на большасць муніцыпальных пасадаў чыноўнікаў абіраюць, а не прызначаюць, як у нас. І называецца орган мясцовага самакіравання па-сярэднявечнаму рамантычна: «Рада горада».

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя