Неапалітанская кансерваторыя



Першапачаткова слова “кансерваторыя” мела не такі сэнс, як цяпер. У сярэднявечнай Італіі так называліся прытулкі для кінутых дзетак, звычайна – пры якім-небудзь кляштры. Сіротам у тых прытулках давалі някепскую адукацыю, прытым акцэнт рабіўся на музыку: менавіта з сіроцкіх прытулкаў і рэкрутаваліся хлопчыкі для цэркоўных хораў.

Чэмпіёнам па кінутым дзеткам быў Неапаль: за сярэднявеччам кансерваторый там існавала ажно чатыры. Па хуткім часе дзве зачыніліся, а дзве аб’ядналіся ў Каралеўскі каледж музыкі, які неўзабаве атрымаў статус вышэйшай навучальнай установы — “Regio Conservatorio di musica”. Так слова “кансверваторыя” набыло больш звыклы нам сэнс.

Неапалітанская “конса” месціцца ў самым цэнтры горада. Знайсці яе даволі лёгка – яшчэ на падыходзе да навучальнай установы чутна валтарнова-віяланчэльная какафонія, нібыта з аркестровай яміны перад оперным спектаклем.

І вучэбныя карпусы, і кампус месцяцца ў перабудаваным кляштры, які памятае  свяцейшую інквізіцыю, крыважэрных піратаў і аўгусцейшых манархаў. Патрапіць у сярэдзіну не атрымалася з-за пропускнога рэжыма (у Італіі асцерагаюцца тэрарыстаў). Затое пашэнціла перамовіцца са студэнтамі на прыступках музычнай крамы ў кансерваторскім жа будынку.

Прафесійны музыка ў Італіі – чалавек статусны і вельмі нябедны. Гадзіна прыватных заняткаў у рэпетытара – кансерваторскага прафесара, пачынаецца ад ста еўра, а кансерваторскі выпускнік лічыць ніжэй за свае гонар і годнасць працаваць менш, чым за пяцьдзясят еўра ў гадзіну. Праблем з працаўладкаваннем няма: выпускнікі вышэйшага музычнага ВНУ, асабліва з аркестровага факультэта, нарасхват і ў Італіі, і за мяжою. “Дзяржаўнай ідэалогіяй”, як у Беларускай Акадэміі Музыкі, галовы студэнтам не засмечваюць; проста ў Італіі не існуе ніякай “дзяржаўнай ідэалогіі”. Дый італійскага аналагу БРСМ у кансерваторыі Неапаля таксама не назіраецца.

Што чамусь на замінае студэнтам станавіцца годнымі музыкамі.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара