Непал зробіць узыходжанне на Эверэст больш складаным
Камісія пры ўрадзе Непала выступіла з шэрагам прапаноў па ўзмацненні жорсткасці патрабаванняў да альпіністаў, якія жадаюць падняцца на Эверэст з тэрыторыі гэтай краіны, паведамляе ВВС.
Камісія, у якую ўваходзяць члены непальскай асацыяцыі альпінізму, прапанавала ўладам краіны ўвесці абавязковае патрабаванне для ўсіх, хто рыхтуецца да ўзыходжання на Эверэст: досвед узыходжання на вяршыню вышэй 6500 метраў на тэрыторыі Непала.
Плату за дазволы на ўзыходжанне таксама прапануецца значна павысіць: для Эверэста (вышыня 8848 метраў над узроўнем мора) – да 35 тыс. долараў, для іншых вяршыняў вышэй за 8 тыс. метраў – 20 тыс. долараў.
Восем з 14 самых высокіх гор на планеце размешчаны ў Непале.
Таксама камісія настойвае на абавязковым медыцынскім абследаванні альпіністаў. Па прапанове экспертаў, людзі, якія жадаюць падняцца на Эверэст, павінны будуць падаць медыцынскія дакументы, якія пацвярджаюць, што стан іх здароўя дазваляе выйсці на альпінісцкі маршрут адпаведнай катэгорыі складанасці. Таксама ёсць прапанова праводзіць абавязковае медыцынскае абследаванне альпіністаў у базавым лагеры перад выхадам на маршрут.
Камісію пры ўрадзе стварылі пасля вясновага сезону на Эверэсце, калі пры спробе узыходжання на 8848 метраў загінулі 11 чалавек. Пры гэтым калі пры ўзыходжанні з поўначы – з боку Тыбету – загінулі два чалавекі, то астатнія дзевяць смерцяў адбыліся пры ўзыходжанні з боку Непала.
Звычайна большасць смерцяў на такіх маршрутах адбываецца з-за лавін або ў выніку зрываў. За ўсю гісторыю сучаснага альпінізму на Джамалунгме загінулі амаль 280 чалавек. Амаль палова загінулых сталі ахвярамі лавін, кожная пятая смерць адбылася ў выніку зрыву на маршруце, на вострую гіпаксію і іншыя праявы горнай хваробы прыпадае 16% смерцяў.
У гэтым годзе ніхто з загінулых на Эверэсце не стаў ахвярай лавіны – у 10 з 11 выпадкаў смерць наступіла з-за рэзкага пагаршэння стану здароўя альпініста, пры гэтым дзевяць з загінулых былі старэйшыя за 43 гады.