Непрадказальны чорны бусел
Восень – пара адлёту птушак у вырай. З Беларусі птушкі адлятаюць у цёплыя краіны, для некаторых з іх нашы мясціны з’яўляюцца прыпыначным пунктам, дзе яны харчуюцца і назапашваюць сілы.
На Мёршчыне зараз можна назіраць за вялікай колькасцю шэрых журавоў, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу.
У гэты час можна ўбачыць і іншыя рэдкія віды птушак. Бывае, яны паводзяць сябе нават непрадказальна, як, напрыклад, чорны бусел на Глыбоччыне, які, па словах арнітолагаў, ніколі не набліжаецца да людзей.
Распавядае глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач:
– У маёй роднай вёсцы амаль месяц жыў чорны бусел. Рэдкая птушка, яна не ідзе на кантакт з чалавекам. Але гэтым разам ён пастаянна прылятаў да адной жанчыны да сажалкі, дзе, па яе словах, вылавіў усю рыбу. Сажалка абмялела, мо ён таму і прылятаў, што было лёгка здабываць корм. Пералавіў усю рыбу і паляцеў. Мне ўдалося нават яго сфатаграфаваць. Пабачыць яго шмат хто мог.
На дадзены момант у Чырвонай кнізе Беларусі знаходзіцца 70 відаў птушак. У мінулым годзе з яе выключылі два віды птушак – белую чаплю і белашчокую рыбачку і дадалі адзін – гуменную стрынатку. Перавыданне Чырвонай кнігі чакаецца ў 2016 годзе, бо звычайна яна абнаўляецца праз два гады.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Глыбокае