Незвычайны літаратурны сад у Харкаве



Ва ўкраінскім Харкаве блізка ад самага цэнтру гораду, непадалёк станцыі метро Пушкінская, ёсць незвычайны Сад Скульптур. У прыхаваным дворыку сапраўдны аазіс з фактычна паркавымі дрэвамі і кустамі, пасярод якіх шматлікія скульптуры знакамітых пісьменнікаў і літаратараў. Ідзеш, ідзеш звычайнай вуліцай Ольмінскага і раптам арка, заходзіш – а па сценах развешаны карціны з выявамі жывёл, гэта выстава-продаж. Далей кампазіцыя адразу з чатырох класікаў расейскамоўнай літаратуры. Помнікі расейскім пісьменнікаў тут пераважаюць. Але ёсць таксама скульптуры ўкраінскіх знакамітасцяў – Тараса Шаўчэнкі, Грыгорыя Скаварады. На тэрыторыі працуе таксама рэстаран “Эрмитаж”. Цікава, што раней тут было казіно, потым покерны клуб.

Выйсці можна праз іншую галерэю – тут на сценах бюсты вядомых паэтаў, а таксама радкі з іхных вершаў. У самым канцы (альбо пачатку, калі заходзіць адтуль) на лавачцы прыселі Міхаіл Булгакаў са сваім персанажам – катом Бегемотам. У кожным разе Сад скульптур у Харкаве – адметны асяродак культурнага адпачынку.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара